Вуліца сустрэла няўтульна. Паўночны вецер секануў па твары першым зарадам снежнай крупы — кароткім, як аўтаматная чарга. Пашкуматаныя ветрам, халодныя да свінцовага бляску хмары імкліва ляцелі над горадам, здавалася, зусім нізка — над дахамі, над мачтамі адмысловых свяцільнікаў. Дарэчы, свяцільнікі гэтыя сканструяваў ён, Карнач, і нямала папсаваў нерваў і сабе, і Аноху, і некаторым іншым, пакуль дамогся, каб завод узяў заказ адліць іх.
У прасветы паміж хмарамі глядзяцца зоркі, па-зімоваму яркія. Нават свяцільнікі, якія тут, каля пад'езда палаца, лілі на асфальт столькі белага бясценевага святла — хоць рабі аперацыю,— не аслаблялі яркасці зорак. Улетку тут, стоячы каля ліхтароў, зоркі амаль нельга разгледзець.
Вецер зрываў у скверы апошняе лісце са старых ліп і маладых каштанаў і гнаў іх пад гранітныя ўсходы галоўнага пад'езда. Удзень ішоў дождж, раней апалае лісце прымерзла да асфальту, а тое, што злятала цяпер, падсохла на дрэвах і з шамаценнем кацілася цераз вуліцу, шукаючы зацішак.
Звычайна пасля такіх вялікіх сходаў хто-небудзь са знаёмых запрашаў павячэраць, і заўсёды набіралася немалая кампанія, якая спачатку шумела ў рэстаране, пасля завальвалася да каго-небудзь на кватэру — у каго жонка больш лагодная і цярплівая да такіх начных візітаў.
Сёння ніхто не запрасіў. Адны знаёмыя прашмыгвалі міма, робячы выгляд, што не бачаць, другія хутка развітваліся, ветліва дакранаючыся пальцамі да капелюшоў. І Максіму прыгадалася, як дзіўна і нязвыкла памлелі ногі, калі спускаўся са сцэны, зрабіўшы самаадвод. Агіднае адчуванне. І як быццам на міг спынілася сэрца, калі ўбачыў, як дружна ўзляцелі ўгору рукі — лес рук. Узляцелі, здалося, з радасцю, помсліва. Але, маглі і помсціць, асабліва тыя, хто вельмі хацеў трапіць у высокі орган, хто лічыў, што яго абышлі незаслужана. Такія маглі думаць: знайшоўся смяльчак, цану сабе набівае, рэкламу стварае. Калі абвясцілі перапынак, многія стаялі ў праходзе і прапускалі тых, хто ішоў з першых радоў, прапускалі яго і бесцырымонна разглядвалі, як, напэўна, разглядалі б чалавека, што зрабіў гераізм ці, наадварот, учыніў дэбош.
Такая павышаная цікавасць нервавала.
Анох, загадчык камунальнага аддзела, з якім часцей, чым з кім іншым, прыходзіцца сутыкацца па рабоце, гучна і груба сказаў: «Табе не здаецца, што ты плюхнуў у лужыну...»
Макаед схапіў руку, сціснуў да болю. «Стары, цісну тваю мужную руку. Прызнаюся: я ка такое не адважыўся б. Ты пераможца! Лік у тваю карысць!»
А Віця Шугачоў наскочыў у туалеце, калі ён, Максім, памыўшы рукі, прычэсваўся перад люстрам, любуючыся, як хораша выглядаюць бялюткія ракавіны на фоне чорнай кафлі.
«Прылізваешся, герой? — закрычаў Віктар, не зважаючы на людзей.— Што ты нарабіў, цыган ты няшчасны?»
«А што я нарабіў?»
«Ты яшчэ крыўляешся? Ты думаеш, фартуна заўсёды будзе падстаўляць табе напамаджаную морду? Калі-небудзь яна пакажа табе аблезлую задніцу».
Здаецца, тады, пасля Віктаравага абурэння, падумаў, што нешта ён зрабіў не так. Можна было зрабіць інакш: сказаць, напрыклад, Герасіму да канферэнцыі. Не, не мог ён сказаць пра гэта сваяку, бо не ведаў, ці рэкамендуюць яго. Адводзіць сябе, не будучы вылучаным,— смешна, Ігнатовіч мог падумаць, што такім чынам ён просіцца ў склад камітэта.
Цяпер, калі знаёмыя праходзілі міма, зноў падумаў, што сваім самаадводам ён як бы аддзяліў сябе ад пэўнага кола людзей.
Праўда, вячэры маглі пазбягаць і па іншай прычыне. Група адказных работнікаў аднаго сельскага раёна паехала на рыбалку ў суседнюю вобласць; пасля добрай юшкі рыбакі так весела паводзілі сябе, што «чужая» міліцыя мусіла занатаваць іх весялосць для
гісторыі. Факт гэты Сасноўскі так распісаў, што зала грымела ад рогату.
«Мудры дэвіз майго бацькі: хочаш выпіць — пі ў сваёй хаце»,— саркастычна раіў Сасноўскі, але тут жа сур'ёзна папярэдзіў тых «рыбакоў», што часта «вудзяць» на сваёй тэрыторыі — у гарадскіх рэстаранах і кафэ. Яўны намёк на іх — архітэктараў, мастакоў, бо іншыя ў рэстаранах бываюць рэдка.
Чалавек лёгка паддаецца першаму настрою, калі самыя свежыя эмоцыі пераважаюць над тым, што ўсталявалася ў выніку доўгай развагі, шматгадовай разумовай працы, традыцый, звычаяў, уплываў пастаяннага асяроддзя. Неаднойчы здаралася, што ўжо на другі дзень ён смяяўся са сваіх учарашніх захапленняў, страхаў, перакананняў ці сумненняў, раптоўных сімпатый ці антыпатый.
Што будзе заўтра — убачым заўтра. А сёння тут, пад казырком увахода ў палац, на ганку, ярка залітым святлом, ён адчуў няўтульнасць, адзіноту, холад і сум. Куды пайсці? З кім сустрэцца? Захацелася кінуцца назад за шкляныя дзверы, у цёплае фае, у прасторную цёмную цяпер залу. Каб можна было, ён з задавальненнем застаўся б тут, хоць раз са сваім творам адзін на адзін, без камісій, без шумнага натоўпу — так, як заставаўся з ім доўгімі начамі, калі працаваў над праектам. Тады ён быў поўны і адзіны ўладар палаца. Агледзець бы не спяшаючыся ўсё да драбніц, да дэталей,— як здзейснена яго задума будаўнікамі, што так, як ён уяўляў яшчэ чатыры гады назад, калі палац існаваў толькі ў яго галаве, а што не так, што зроблена лепш, а што горш. Але тут жа пасмяяўся са свайго жадання. А навошта аглядаць? Што ён можа змяніць? Цяпер ужо ўладар не ён, плады яго працы, таленту спажываюць многія людзі. У гэтым сэнс.
Учора раніцой ён ішоў сюды не без хвалявання. Заўсёды меў перакананне, што сапраўдную радасць яму прыносіць толькі творчы працэс, а не вынік яго. Аднак учора, як ніколі раней, яму хацелася паглядзець, як прымуць палац першыя наведвальнікі — партыйны актыў. Безумоўна, хацелася пачуць словы захаплення. Наведвальнікі прынялі натуральна, як і належыць спажыўцам: цяперашні народ не здзівіш ні аб'ёмамі, ні аздобай, знешняй і ўнутранай, ні інтэр'ерамі, ні асвятленнем. А тыя тонкасці, тыя дэталі, якія надаюць збудаванню архітэктурную непаўторнасць і ставяць яго ў шарэнгу твораў мастацтва,— ён, спажывец, звычайна адразу не заўважае. Патрэбны пэўны час, магчыма, голас спецыялістаў, знаўцаў, каб потым прыходзілі школьнікі, студэнты, прыязджалі турысты і слухалі гідаў, разявіўшы раты і высока задраўшы галовы, каб убачыць своеасаблівы архітраў, фрыз, капітэль ці яшчэ якую архітэктурную дэталь.
Ацэнкі за два дні, калі ішла канферэнцыя, чуў ён хіба такія:
«Нічога будыначак адгрохалі».
«Грошай не шкадавалі. Добрыя грошы — добры будынак. Усе нарматывы перакрылі».
Ды той жа Анох у туалеце на запытанне аднаго з дэлегатаў: «Дзе такую плітку дасталі? Імпартная, відаць?» — адказаў: «Будзе ў цябе такі сваяк — і ты дастанеш».
Павіншаваў толькі адзін чалавек — начальнік абласнога ўпраўлення МУС палкоўнік Кураслепаў. «Віншую... з такім палацам. Гэта,— ён шырока развёў рукамі, паказваючы фае,— здорава, Масква можа пазайздросціць. Два дні лаўлю вас, каб павіншаваць».
Але было гэта ўжо пасля вылучэння кандыдатур, і Максім добра помніў, што за два дні сутыкаўся з палкоўнікам у фае многа разоў.
Палац камісія прыняла з адзнакай выдатна. Але больш гаварылі пра будаўнікоў; ніхто не ўспомніў, што ўсё пачалося з яго, Максімавых, бяссонных начэй. Акрамя калег, вядома. Віктар Шугачоў прапанаваў, каб на палацы была прымацавана манаграма з прозвішчам архітэктара. З ім згадзіліся, але ніхто так і не заказаў гэтай дашчэчкі. Не заказваць жа самому!
Праз многа гадоў гісторыкі толькі з архіваў змогуць даведацца прозвішча аўтара. Падумаў пра гэта і ўсміхнуўся: славы захацеў! Не ў прыклад некаторым сваім калегам, ён ніколі падоўгу не любаваўся ніводным аб'ектам, збудаваным па яго праекце. Часцей, незадаволены і сваёй працай і асабліва працай будаўнікоў, лаяўся, потым, захоплены новай задумай, хутка забываўся і праходзіў міма свайго тварэння абыякавы.
Палац збудаваны лепш, чым усё дагэтуль, таму, відаць, і любуецца ён ім даўжэй, і жаданні такія ненатуральныя з'яўляюцца.
Асцярожна ступаючы па мокрых усходцах — малы ўсё ж казырок, засякае дождж,— Максім сышоў уніз, на асфальт. І тут убачыў Шугачова. Віктар стаяў на тым баку вуліцы, пад каштанамі, з паднятым каўняром. Безумоўна, чакаў яго, Максіма. Не дэлегат, ён мусіў пакінуць залу яшчэ перад галасаваннем. І вось чакае добрыя гадзіны паўтары. Нават здалёк відаць, што ад холаду пасінеў яго нос.
Добрая цеплыня разлілася ў грудзях — як ад шклянкі віна, выпітага на холадзе. Зрабілася хораша і весела. Малайчына, Віцька! Нават калі ты зноў пачнеш крычаць і лаяцца — чорт з табой, гэта нават забаўна, мояша будзе пасмяяцца і падражніць цябе.
ІНугачоў выйшаў з ценю ад каштана і, нічога не сказаўшы, пакрочыў побач, адклаўшы каўнер паліто. З гарэзлівасцю хлапчука, якая ўсё больш завалодвала ім, Максім вырашыў таксама памаўчаць — пачакаць, як, з чаго пачне размову сябра.
Віктар сказаў:
— Хадзем да мяне, павячэраем. Поля і дзеці будуць рады бачыць цябе.
Добрая цеплыня тая раптам падступіла да горла салодка-салёным камяком, на міг заняло дыханне.
Максім спыніўся, павярнуўся да Шугачова. Той, мабыць, зразумеўшы, што можа пачуць нешта сентыментальнае, чаго абодва яны не любяць, спытаў груба — насмешліва:
— Аб што спатыкнуўся? Не глядзі на мяне, як на балерыну,— па я табе не выкіну.
— Віця! Давай без намёкаў,— засмяяўся Максім.
Якія там намёкі. Без усялякіх намёкаў ён, Шугачоў, сказаў ужо сваю думку і можа выпусціць яшчэ не адзін залп цяжкіх і гарачых слоў. Але ён быў з тых людзей, якія не размахваюць пасля бойкі кулакамі. Навошта? Лепш спакойна абмазгаваць магчымыя вынікі таго, што адбылося,— вось чаго хацелася яму. Бо не сумняваўся, што нечаканы і незразумелы ўчынак Карнача не можа не даць вынікаў, безумоўна, непажаданых, якія не памогуць, а пашкодзяць ім, пашкодзяць у такі адказны момант, калі ў іх такая задума.
Яны выйшлі на цэнтральную вуліцу напроціў вялікага, напаўквартала, залітага святлом гастранома.
— Зойдзем спярша сюды,— прапанаваў Максім.
— Відаць, трэба,— згадзіўся Шугачоў.— Дома нічога не трымаем. Ігар, лайдак, прыкладваецца.
— Бацькоўская наіўнасць. Думаеце, такім чынам вы ўсцеражаце яго ад прыгадвання? Яму ж не пятнаццаць, а дваццаць пяць.
— Скажы, калі ласка, усе, каго лёс песціць, так плаваюць у воблаках?
Максім не зразумеў, якая лагічная сувязь паміж яго заўвагай пра Ігара і Віктаравым запытаннем пра «плаванне ў воблаках». Але яны падышлі да віннага аддзела, дзе ў гэты вячэрні час стаяла немалая чарга, таму філасофстваваць тут было не да месца.
— Каньяк? — спытаў Максім.
— На каньяк у мяне не хопіць штаноў,— раздражнёна і гучна адказаў Шугачоў.
— Я ж з цябе штаны не здымаю,— ціха ўпікнуў сябра Максім.
Чарга павярнулася да іх. З добразычлівымі ўсмешкамі паглядзелі на Шугачова і пахмурна агледзелі яго, Максімава, новае паліто і капялюш.
Ад віннага аддзела Максім рушыў да кілбаснага.
Шугачоў, які любіў смачна пад'есці, нерашуча адгаворваў:
— Не трэба, Максім. Выдасць Поля і табе і мне, што ты нясеш не толькі выпіўку, але і закуску. Крыўдзіць гэта яе.
— Старэеш ты, Віця.
— Чаму?
— Дзяліць пачынаеш на маё і тваё. Раней мы дзялілі? Навошта Полі ведаць дэталі?
Віктар уздыхнуў.
— А ўвогуле старэем.
Маладая жанчына з чаргі павярнулася, агледзела іх абодвух зусім іншымі вачамі, чым тыя, у віннай чарзе, усміхнулася ці то на іх словы, ці на сваё заключэнне пра іх гады і выгляд.
Выйшаўшы з гастранома, Максім сказаў:
— Ніяк я не дабяруся да гэтага магазіна.
— У сэнсе?
— Прапанаваць ім ковы інтэр'ер. Для самаабслугоўвання ў іх усё спланавана бяздарнейшым чынам. Нейкі чыноўнік ставіў адну толькі мэту: кантроль. Усё іншае не памагае пакупнікам і прадаўцам, а перашкаджае.
— Якой толькі мурой ты не забіваеш сабе галаву!
— Якая ж гэта мура? Віця! Гэта культура горада. Эстэтыка, умовы быту...
— Але першы раз чую, каб галоўны архітэктар расстаўляў прылаўкі.
— Акрамя ўсяго, я пастаянны пакупнік тут. І я люблю свой горад. Абыякавасць — прыкмета ленасці розуму, дарагі калега.
— Пара гандлярам мець сваіх дызайнераў.
— Спачатку трэба растлумачыць ім, што гэта за звяры такія.
— А я ненавіджу самаабслугоўванне. Відаць, я маральна не гатоў да яго. Вось зараз... Я нічога не купіў, а на кантролі тоўстая баба абмацвае вачамі мае кішэні. Брыдка і абразліва. Пачынаеш адчуваць сябе злодзеем. І хочацца сапраўды што-небудзь сцягнуць. Калінебудзь такі суну ў кішэню банку хрэну ці гарчыцы.
Максім засмяяўся. Пасля падумаў, што Шугачоў ва ўсім выяўляе сваю натуру. Архітэктар ён не горшы за яго, можа, нават лепшы, бо ўкладвае ў працу ўсю душу. А вось праз тое, напэўна, што акрамя свайго праекта больш нічога навокал не бачыць і не хоча бачыць, што адсутнічае ў яго шырыня мыслення, розмах, а галоўнае — смеласць, прапісаны на ўсё жыццё да радавых.
У адным Карнач зайздросціў Шугачову — сям'і яго. Кпіў з яго стараннасці: пяцёра дзяцей! У наш час гэта подзвіг. Але любіў Шугачовых дзяцей, шумных, вясёлых, знешне быццам бы не вельмі выхаваных, але на самай справе добрых і шчырых, як бацькі. І асабліва любіў гаспадыню. Для Полі ўвесь сэнс жыцця — у клопаце пра дзяцей і пра людзей увогуле.
За многа гадоў Максім ніяк не мог растлумачыць уласныя адчуванні ад кватэры Шугачовых. Эстэт, чалавек з тонкім адчуваннем сіметрыі, прапорцый, ён трываць не мог дрэннай мэблі, разнастайнай, нязграбнай, непрадуманых інтэр'ераў. Асабліва яго абурала бязладдзе і безгустоўнасць у кватэрах калег, абавязак якіх — выхоўваць добры густ у іншых.
У кватэры Шугачовых мэбля была самага нізкага гатунку, устарэлых фасонаў, сабраная па прынцыпу «з бору па сасонцы»: з'яўлялася лішняя капейка — куплялі новы стол ці канапу. Тры пакоі, у якіх жыло сем чалавек, паступова загрувашчваліся рэчамі. На шафах ляжалі чамаданы, кнігі, паміж іх ці на іх — штатывы фотапавелічальнікаў, чарцёжныя дошкі, рэйсшыны, вугольнікі, баксёрскія пальчаткі. У вузкім калідоры на вешалцы заўсёды вісела штук пятнаццаць розных паліто і плашчоў, пад вешалкай стаяла гэтулькі ж, калі не больш, пар абутку, даволі паношаных і на заўсёды пачышчаных, У туалеце Максім заўсёды з апаскай пазіраў на двое санак, падвешаных над самай галавой, здавалася, не вельмі трывала. Тут жа стаяла тры пары лыж і дзве раскладушкі.
Праектуючы жыллё ці зацвярджаючы праекты, яны, архітэктары, ламаюць галаву, як разгрузіць кватэры ад лішніх рэчаў — ад рэчаў сезоннага ўжытку. Ва ўласнай кватэры Шугачову нічога не прыдумаць. У іх няма ні сцянных шафаў, ні нават хлеўчукоў пры доме, куды можна было б вынесці санкі і лыжы. Шугачоў неаднойчы скардзіўся на гэта і лаяў свайго калегу — аўтара дома. А Поля нават перад ім, Максімам, старым сябрам сям'і, кожны раз адчувала няёмкасць за непарадак у кватэры, прасіла прабачэння.
Але — дзіўна і невытлумачальна! — эстэт, змагар за добры дызайн нідзе — ні ва ўласнай стыльна абсталяванай кватэры, ні ў каго другога, ні ў багатых гатэльных і санаторных апартаментах — не адчуваў сябе больш утульна, як тут, у Шугачовых. Такое незразумелае адчуванне блытала ўсе ўяўленні, якія складваліся ў выніку пошукаў найлепшых архітэктурных дызайнерскіх рашэнняў, што павінны ўпрыгожыць чалавечае жыццё. Што ж урэшце яго ўпрыгожвае, чорт вазьмі? Мэбля? Карціны? Адмысловы інтэр'ер? Чысціня? Ці вось гэты гармідар?
Толькі Шугачоў утыркнуў ключ у замок, як за дзвярамі радасна закрычалі:
— Мама! Бацька прыйшоў!
— Пазнае па почырку,— задаволена засмяяўся Шугачоў.— Ва ўсіх дарослых ёсць ключы, але мяне Кацька ні з кім не блытае.
У прыхожай, перад дзвярамі, як на варце, стаяла пяцігадовая Каця.
Убачыўшы, што бацька не адзін, запляскала ў далонькі.
— Максім п'ышоў! Максім п'ышоў!
— Эй, мілая, ты з кім пабраталася? Трэба гаварыць «дзядзя Максім».
Але Кацька ўжо падлятала да столі і вішчала ад задавальнення на ўвесь дом. Апынуўшыся на падлозе, малая захацела аддзячыць за такую радасць дзядзьку Максіму. Для гэтага трэба сказаць яму нешта прыемнае. Што? І яна ўспомніла падзею тыднёвай даўнасці і паведаміла з радасным бляскам у вачам, упэўненая, што госцю пачуць пра гэта — найвялікшая прыемнасць:
— А я бачыла цёцю Дашу! Яна ехала ў машыне.
Максіма што халоднай хваляй абдало. На нейкі міг ён нават разгубіўся. Як прыняць гэтае шчырае і наіўнае дзіцячае паведамленне? Спытаць: на якой машыне? з кім? калі? Але такім роспытам можна ўнізіць сябе перад дарослымі Шугачовымі.
Дзіўна, выходзіць, ён усё яшчэ раўнуе? Ды не, даўно ўжо ён не раўнаваў. Ды і прычыны не было. Ёсць іншая прычына.
Гаспадыня, што выйшла з кухні, убачыла гэтую імгненную збянтэжанасць яго, зразумела і тут жа прагнала малую, мабыць, спалохаўшыся, што тая са сваімі добрымі дзіцячымі Намерамі можа сказаць яшчэ што непатрэбнае.
Звычайна Максім быў удзячны Полі за яе надзвычай жаночую далікатнасць. Але тут зрабілася горка. Уразіла не тое, што Шугачовы ведаюць яго тайну. Нічога дзіўнага, што яны ведаюць. Ды і тайны няма. Ад каго іншага ён мог хавацца, а ад Шугачовых схаваць свае адносіны з жонкай немагчыма ды і непатрэбна. Урэшце, трэба з кімсьці параіцца. А з кім? Вядома, з Віктарам і Поляй.
Непрыемна зрабілася ад думкі, што Поля як бы шкадуе яго. Падумаў, што, можа, з-за гэтага Віктар і чакаў яго паўтары гадзіны каля палаца. Такое шкадаванне як бы кідала цень на іх дружбу, як бы прыніжала яе. Максім з удзячнасцю адгукаўся на чалавечую дабрату, але з маленства ненавідзеў, калі яго шкадавалі. Хоць па сутнасці не гэта ўзбунтавала і нават трохі спалохала — не ўніжэнне шкадаваннем. Іншае. Думка, што ў такой сітуацыі, калі Поля ўсё ведае, ён, у адказ на іх, Шугачовых, дабрату, нібыта абавязаны расказаць ім пра ўсё. А сёння яму не хацелася гаварыць пра свой боль ні з кім. Мабыць, ён не быў яшчэ гатовы да такой споведзі. На шчасце, Кацька нічога больш не балбатала. Ці мала на якой машыне магла ехаць цётка Даша! Максім, вітаючыся, жартаўліва абняў гаспадыню.
— Вымяраю, на колькі ты патаўсцела.
— Няпраўда, я ўжо худзею.
— Мамка не есць хлеба,— адчыніўшы дзверы, паведаміла Кацька так, быццам мама зрабіла подзвіг, пра які варта абвясціць усяму свету.
Засмяяліся. Бацька жартаўліва пагразіў:
— Каця, колькі вучу цябе не выдаваць сямейныя тайны!
Натуральна, што, нарадзіўшы пяцярык дзяцей, апошнюю ў сорак чатыры гады, Поля распаўнела. Але гэта была прыгожая паўната пажылой жанчыны. Максім заўсёды любаваўся яе рукамі: ніколі яны не ведалі ніякіх манікюраў, толькі працу, даволі нялёгкую, але былі на здзіўленне прыгожыя — белыя, пульхныя, як у дзіцяці, з ямачкамі над пальцамі.
— Ідзіце ў залу,— сказала Поля.— Зараз падам на стол.
Функцыянальнае, як кажуць архітэктары, прызначэнне пакояў у кватэры Шугачовых было вельмі ўмоўнае, бо спалі, напрыклад, ва ўсіх трох пакоях, але сям'я цвёрда трымалася назваў, якія бытавалі ва ўсіх іншых шматпакаёвых кватэрах,— «зала», «спальня», «дзіцячая». Спальня адначасова служыла гаспадару за кабінет і загрувашчана была яго праектамі. Толькі ў «дзіцячай» спалі дзеці-дзяўчаты. Але ў іншы час малых туды не пускала старэйшая сястра — студэнтка, там яна сляпіла вочы над чарцяжамі. Шугачовы — дынастыя архітэктараў. Сын Ігар архітэктар. І дачка вучыцца на архітэктара.
Максім зайздросціў сябру, што той — невядома якім чынам, якімі сродкамі — выхаваў у дзяцей любоў да сваёй прафесіі. Гэта рэдка здараецца. Толькі ў музыкантаў часцей. У пісьменнікаў, мастакоў, архітэктараў — вельмі рэдка.
— Вера дома?
— Дома.
— Вучыць?
— Вучыць,— Паліна чамусьці ўздыхнула.
— Тады — на кухню. Не будзем нікому перашкаджаць.
— Ой, у мяне там такое творыцца,— спалохалася гаспадыня, але рашуча не запратэставала: дзеля спакою дачкі можна і пачырванець за непарадак на кухні, не бяда — Максім свой чалавек. А можа, нават здагадвалася, што госцю падабалася сядзець на кухні. Гэта зусім ужо было незразумела для самога Максіма — любоў да кухні Шугачовых, цеснай, прымітыўна абсталяванай і загрувашчанай нажыткам вялікай сям'і.
Поля першая ўскочыла на кухню, паспешліва пазрывала з бліскучага меднага дроту Кацьчыны штонікі. На гэтым жа дроце ў кутах віселі вялікія вязанкі буйнай бурштынавай цыбулі, меншыя вязанкі часнаку і пучкі нейкіх траў. На кухні пахла ўсім багаццем зямлі і чалавечага побыту.
На пліце варылася бульба, кіпела, ажно падскоквала крышка на каструлі, вырывалася апетытная пара.
Каля дзвярэй на балкон стаяла вялікая бочка, накрытая чыстым настольнікам.
— Пакуль я збяру на стол, вы папрацуеце. Выкаціце бочку з капустай на балкон, а то перакісне,— сказала гаспадыня.
— Удалася? — спытаў Максім, ведаючы з вопыту многіх гадоў, што капуста ў Шугачовых заўсёды адменная, нават і замерзлая, бо захоўваць яе можна было толькі на балконе.
— Не ведаю як каму, а я ем і есці хочацца.
— Нешта цябе на кіслае зноў пацягнула,— без усмешкі пажартаваў Шугачоў.
Поля запунсавелася, як дзяўчына.
— Бессаромнік ты, Віця!
Максім зарагатаў.
— А што? Падары, Поля, свету яшчэ аднаго дойліда.
— Ды не, хопіць ужо. З гэтымі дойлідамі замучылася,— яна зноў уздыхнула.
Каб адчыніць дзверы на балкон на ўсю шырыню, інакш бочка не пралазіла, прыйшлося адсоўваць шафчык з посудам. Ды і над бочкай, у якой было пудоў восем капусты, пакрахталі. Шугачоў задыхаўся. А ў Максіма тут жа ўзнікла ідэя.
— Слухай. Калі гэты шафчык уціснуць паміж плітай і сцяной. Лезе? — ён прыкінуў.— Лезе. А халадзільнік пераставіць да дзвярэй. Тады стол можна паставіць вось тут. Будзе прастарней і зручней гаспадыні. Праўда, Поля?
Шугачоў чамусьці ўзлаваўся на гэтую прапанову.
— Пайшоў ты к чорту са сваім інтэр'ерам! Абрыдла. Дызайнер няшчасны! — слова «дызайнер» Віктар даўно зрабіў лаянкай.
Гаспадыня жахнулася ад такога абыходжання з госцем. «Падзякаваў», называецца, за дапамогу, за добрую параду.
— Віця! Ты ашалеў! Як можна?
— Ды ну яго! У мяне ідэі яго ў пячонцы сядзяць,— і пайшоў у ванную мыць рукі.
— Не перажывай, калі ласка! Што я, Віцьку не ведаю? Ці ўпершыню чую ад яго такое?
— Перамыйце мае костачкі! Але не забудзьце высушыць! — ужо весела крыкнуў з ванны Шугачоў і, ляпнуўшы дзвярамі, пайшоў у пакой, да дзяцей, якіх гаспадыня выгнала з кухні, калі выкочвалі бочку.
— Вы ж ведаеце, які ён кансерватар! Колькі я ваюю, каб замяніць некаторую мэблю. Бяднейшыя людзі гарнітуры пакуплялі. А ён — ніяк. У яго, бачыце, прынцып.— Яна зноў уздыхнула і паскардзілася: — Цяжка мне з імі, Максім. Кожны са сваімі загадкамі. Верачка такая разгаворлівая была. Памагала мне на кухні і ўсе інстытуцкія навіны расказвала. А цяпер... як падмянілі дзяўчыну... Тыдні два ўжо. Замкнулася. Нікому ні слова. Па начах плача. Я ж усё чую. Можа, вы, Максім, пагаварылі б з ёй. Яна давярае вам. Сябру сям'і дзеці часам расказваюць больш, чым бацькам.
— А што калі я гэта зраблю зараз жа?
Паліна з удзячнасцю ўсміхнулася.
На яго стук у дзверы Вера адказала не адразу. Праз нейкую хвіліну сама адчыніла іх і быццам бы здзівілася, хоць, безумоўна, чула яго голас.
— Вы? Прабачце. А я думала Кацька дражніцца. Яна не дае мне спакою.
— Добры вечар, Вера-
— Добры вечар.
— Можна ўвайсці?
— Калі ласка.
Следам за ім ускочыла і Кацька.
Вера ўзяла сястру за каўнер і даволі недалікатна выставіла за дзверы, павярнула ключ.
Кацька пратэставала, стукала ў дзверы кулачкамі.
— Ты судзенка! Не адчыніш — я па-ву твой чаацёж.
Але пачуліся амаль бясшумныя Поліны крокі і малая тут жа сціхла; маці моўчкі павяла яе на кухню.
Бэра, відаць, ляжала да яго прыходу, бо паакрывала і падушка на канапе скамечаны. Там жа валялася разгорнутая кніжка. На стале да чарцёжнай дошкі прыколаты кнопкамі чысты ліст ватмана.
Максім падняў з канапы кніжку. «Дым» Тургенева.
Вера апусціла вочы, быццам яе захапілі за нечым недазволеным.
Максім падышоў, паклаў далошо на яе востранькае плячо. Дзяўчына сцялася і яшчэ ніжэй апусціла галаву, глядзела на яго чаравікі.
— Вера! З твайго маленства мы з табой сябры. Праўда?
Яна ледзь прыкметна кіўнула.
— Мне будзе горка, калі з тваім паўналеццем прыйдзе канец нашай дружбе. Гэта не лепшая рыса — замыкацца ад блізкіх, сяброў.
— Я замыкаюся ад дзяцей.
— Вера, не хітруй. Паглядзі мне ў вочы.
Яна падняла галаву, паглядзела на яго, паспрабавала ўсміхнуцца.
— Божа мой! А што гэта за вочы?!
— А што? — спалохалася Вера.
— Чаму ў іх столькі смутку? З якой прычыны? Якая бяда цябе напаткала?
Шырокая, празрыста-блакітная глыбіня ўміг затуманілася слязамі. Дзяўчына заціснула вочы пальцамі, як бы спалохаўшыся, што вось-вось з іх пырсне фантан.
— Што здарылася, Вярунька? — шэптам, вельмі шчыра і даверліва спытаў Максім. І дзяўчына ўткнулася тварам яму ў грудзі, прашаптала ў сэрца:
— Бяда, дзядзя Максім.
Ён не спытаў, якая бяда. Не спужаць бы гэтае птушаня. Чакаў. Раз пачала — дакажа. Але нялёгка ёй было адважыцца на такое прызнанне, хоць, напэўна, таіцца было яшчэ цяжэй. Трэба перадужаць і страх і сорам.
Знізу глянула яму ў твар ужо сухімі і гарачымі да ліхаманкавага бляску вачамі.
— А вы... вы не скажаце нашым?
— Ты ж ведаеш: я ўмею гаварыць, але ўмею і маўчаць.
Вера ўзнялася на пальчыкі, магчыма, хацела дацягнуцца да вуха, не дацягнулася, прытуліла вусны да шыі і не прашаптала, не, Максім не пачуў — адчуў скурай шыі, соннай артэрыяй, як праз гарачыя вусны яе выдыхнуліся словы:
— У мяне... будзе... дзіця...
Так проста было здагадацца! Якая яшчэ магла здарыцца бяда ў васемнаццацігадовай дзяўчыны? Але — дзіўна — каб у яго, Максіма, былі не хвіліны, а гадзіны і дні на роздум і разгадку Верынай тайны, ён, безумоўна, прыгадаў бы сто чалавечых бед, але пра такую не падумаў бы, як, напэўна, не падумала і маці. Ён ведаў Веру з пялёнак, і яна ўсё яшчэ заставалася ў яго ўяўленні дзіцем, дзяўчынкай.
Максіма апанавала дзіўнае пачуццё — бадай што страх перад адказнасцю за чужы лёс. Такое ён адчуваў хіба толькі некалі на вайне, калі вёў разведчыкаў у тыл ворага. Адразу адступілі ўласныя беды, здаліся дробнымі і мізэрнымі ў параўнанні з тым, што — разумеў ён — перажывала гэтая юная істота. Можна ўявіць, як ёй набалела, калі яна адважылася на прызнанне яму, мужчыну.
Вера адступіла на крок і глядзела на яго з надзеяй і страхам. Ён зразумеў, што нават секундная яго збянтэжанасць можа яшчэ больш спалохаць яе і патушыць апошні агеньчык надзеі на добрае ганаровае выйсце з такога становішча.
— Ён не хоча жаніцца? — шэптам спытаў Максім. Але Веры здалося, што сказаў ён залішне гучна, яна спалохана глянула на дзверы, хоць галасы бацькоў, малых гудзелі недзе на кухні.
Максім узяў яе за руку, пасадзіў на канапу, сам сеў на крэсла насупраць, тварам у твар, як урач каля хворай. Спытаў:
— Гэта той каштанавы прыгажун?
Карнач выкладаў на старэйшых курсах тэорыю архітэктурнай кампазіцыі і колькі разоў сустракаў Веру з высокім прыгожым студэнтам. Тады яшчэ падумаў, што ў Шугачовай нядрэнны густ, хоць, праўда, і сама яна дзяўчына прывабная — у маці, хіба толькі трохі ростам нізкаватая, асабліва калі ішла побач з сябрам сваім.
Вера кіўнула: той.
— Ён не хоча жаніцца?
— Не, ён хоча... Вадзім... Ён добры. Але бацькі... Бацька яго сказаў: жэнішся — забудзь дарогу ў мой дом. А ён любіць іх і не можа...
— Хто яго бацька?
— У Мінску. У Дзяржплане, здаецца.
— Лічы: паўбяды — з плеч. З планавікамі я здорава ўмею гаварыць. Яны ж павінны ўсё планаваць. Вяселлі таксама. Зрабі мяне даверанай асобай — Ія ўсё ўладжу. Давяраеш?
— Давяраю,— ужо трошкі весялей усміхнулася Вера і, як бы адчуўшы, што ёсць выйсце з яе становішча, ратунак, горача зашаптала, усё яшчэ апасліва пазіраючы на дзверы: — Дзядзя Максім, усё жыццё буду дзякаваць вам...
— На ўсё жыццё зарок не давай, дзіця маё. Жыццё доўгае і складанае. Я аднаму сябру столькі гадоў дзякаваў, а цяпер праклінаю паслугу яго. Тое, што некалі было дабром, стала злом.
— Вам зрабілі зло? — спачувальна і ўстрывожана спытала дзяўчына, гатовая, у сваю чаргу, кінуцца на дапамогу.
Але за дзвярамі загрымеў Шугачоў:
— Максім? Дзе ты? Бульба стыне!
Паліна глядзела на яго, як глядзяць ка прафесара, які толькі што пракансультаваў дзіця з незразумелым, а таму для маці страшным, захворваннем. Але «прафесар» упэўнена паставіў дыягназ, ведае, што смяртэльнай небяспекі няма, што хваробу лёгка можна вылечыць, і таму ўсміхнуўся маці весела, бадзёра: маўляў, нічога страшнага. І... Паліна паверыла яму, у яе адлягло ад сэрца, яна супакоена ўздыхнула і яшчэ больш клапатліва пачала завіхацца каля стала, застаўленага па-сялянску простай, але надзвычай апетытнай закуссю — гуркі, капуста, селядцы, грыбкі, смажанае сала з хатняй кілбаскай, бульба, над якой узнімаўся слуп пары.
— Што вам яшчэ даць, мужчынкі?
— Вось цяпер я ведаю, ад чаго пухне Шугачоў. Глядзі, можна падумаць, што чалавек кавун праглынуў.
Поля засмяялася, магчыма, не столькі з барадатага жарту, колькі ад уласнай заспакоенасці.
Шугачоў, між тым, разліў каньяк, панюхаў са сваёй чаркі.
— Бажэственны пах! П'юць жа людзі! А я на «каленвал», ды і то хіба на траіх магу разарыцца.
— Віця! Як не сорамна ныць.
— Ладна. Не перавыхоўвай ты мяне. Позна. Паехалі. За тое, каб не здарылася таго, чаго баюся.
— А чаго ты баішся? - устрывожылася Поля.
— Ты ведаеш, што сёння адмачыў гэты тыпус? — хрумстаючы гурком, прашапялявіў Шугачоў.— Ён адвёў сваю кандыдатуру ў гарком.
— Ну і што? — паціснула плячамі Поля, для яе гэта здавалася звычайнай з'явай, некалі, калі яна працавала ў школе, то заўсёды адводзіла сябе на ўсіх выбарах, бо на грамадскую працу ў яе не хапала часу.
— Ну і што? — паўтарыў за ёй Максім, дарэчы, таксама шчыра і сур'ёзна.
Шугачоў кінуў на стол відэлец і ажно падскочыў на кухоннай табурэтцы.
— Калі гэтае пытанне задае мая жонка, дык для яе няма розніцы паміж школьным мясцкомам і гаркомам. А калі ты прытвараешся наіўненькім, то гэта мяне абурае.
— Не разумею, чаму цябе спалохаў мой самаадвод.
— А-а, сам ведаеш, што спалохаў. Але, спалохаў. Прызнаюся! Так, баюся, бо пасля гэтага можа здарыцца, што на месца галоўнага пасадзяць Вілкіна. Макаед яшчэ не горшы варыянт. Ты ведаеш, да чаго звялі гэтую пасаду ў іншых гарадах!
— Калі стаць на галаву, то будзе здавацца, што ўвесь свет перавярнуўся дагары нагамі.
— Не, хлусіш. Гэта ты стаў дагары нагамі. І табе ўдарыла ў галаву.
— Віця! — спыніла Шугачова жонка, ведаючы, што той, калі разыдзецца, то не вельмі выбірае словы.
— А я стаю на нагах. О, які я рэаліст! Чорт вазьмі, мне лягчэй жылося б, каб я хоць трошкі быў ідэалістам. Але я рэаліст. І не хлопчык. Мне шосты дзесятак. Я ведаю людзей і ведаю абставіны, у якіх працую. Што, скажаш, што я дрэнны архітэктар?
— Не скажу.
— Ды я не менш таленавіты, чым ты!
— Ну, і хвалько ты, Віця,— лёгкімі бяскрыўднымі ўколамі старалася ўтаймаваць мужа Поля.— Лепш выпіце яшчэ ды закусвайце. Бульба стыне.
— Налівай. А што я стварыў за чвэрць стагоддзя працы? Вартае ўвагі — у апошнія пяць гадоў, калі ты, пасля пошукаў шчасця ў сталіцы, узначаліў архітэктуру горада.
— Ты перабольшваеш маю ролю. За цябе. За твой талент.
— Не іранізуй.
— Ніколькі. Я шчыра. Будзь здароў.
— Чорт з табой. Я вып'ю і за мой талент. Але я п'ю за цябе, за тое, што ты дамогся, каб з табой лічыліся, з тваёй думкай. З тваёй і нашай! Каб мы не былі выканаўцамі волі архітэктурных дылетантаў! — Шугачоў перакуліў чарку, укінуў у рот бульбіну, зрабіў вывад: — Да таленту трэба смеласць.
— Вось гэта праўда: смеласці ў цябе ніколі не хапала,— бадай што з дакорам сказала Поля.
— Ды не. Дзяцей рабіў ён смела,— Максім паспрабаваў перавесці размову на жарт.
— Каб ён нарадзіў хоць раз — паглядзела б на яго адвагу,— трохі сумна ўсміхнулася Поля.
Шугачоў не адгукнуўся на жарт. Залішне многа ўвагі надаваў ён учынку Карнача і залішне сур'ёзна думаў пра магчымыя вынікі.
— Не, я смелы! Але я смелы ў фантазіі, калі сяджу над чарцёжнай дошкай. Ды смеласць у фантазіі — гэта ў нас, у архітэктуры, далёка не ўсё. Смеласць у практыцы — во сапраўдная смеласць. Ты смелы ў практыцы. У гэтым твая перавага над такімі, як я. Ты маеш прабіўную сілу. У наш час і асабліва ў нашай прафесіі гэта многа значыць — умець прабіць, арганізаваць.
— Ты надзяляеш мяне якасцямі, за якія крытыкуюць. Пачытай сучасныя раманы.
— Але, літаратар неглыбокі, паслухаўшы Макаеда, ды нават і мяне сёння, з цябе пісаў бы адмоўнага тыпа. Можна спісаць усе твае якасці, якімі я захапляюся, і ты будзеш адмоўны. Але каб той жа літаратар паглядзеў на цябе маімі вачамі, то ўбачыў бы арганізатара, якіх так не хапае нам...— Перакуліўшы чарку, якую наліла Поля, адзін, без тосту, без звычайнага «паехалі» ці «будзь», Шугачоў загарэўся зноў:— Але чорт з ім, з літаратарам! У мяне, як у кожнага дойліда, ёсць славалюбства і самалюбства — жаданне ўбачыць сваю смелую фантазію здзейсненай у поўнай натуры, прабач, без абразання. Адна Поля ведае, колькі я пакутаваў ад таго, што мае дамы старэюць раней, чым старэю я. Старэюць задоўга да тэхнічнай амартызацыі. І ў гэтым вінаваты не праекты. Дом на Прывакзальнай так не пастарэе. Толькі дзякуючы табе мне ўдалося разы два перанесці з паперы на зямлю, увасабляць у цэгле, бетоне, шкле сваю задуму. Цяпер загарэўся маяк — Зарэчны мікрараён. Ты ўяўляеш, што гэта значыць і для мяне і для людзей — збудаваць яго такім, якім задумалі мы з табой. Вось чаму я не жадаю твайго падзення. Я — эгаіст. Думаю пра сябе.
— Ды адкуль я магу ўпасці? — узлаваўся ўрэшце Максім.— А ўпаду — невялікая вышыня, не разаб'юся. Падумаеш — галоўны архітэктар! Акрамя ўмення прабіваць, як ты кажаш, што мне абрыдла, я ўмею таксама нешта ствараць, і я хачу тварыць, а не прабіваць! А я нахапаўся розных пасад і званняў, як сабака дзядоў, з раніцы да ночы засядаю.
— Пакрыўдзіўся? — зноў заспакоена спытаў Шугачоў і, пажаваўшы і пракаўтнуўшы кілбасу, добразычліва заключыў:—Чорт з табой. Крыўдуй.
— Віця! Па-мойму, ты ап'янеў? — дакарала жонка, адчуваючы няёмкасць перад госцем і жадаючы неяк дыпламатычна перавесці размову на іншае, хоць патроху і пачынала разумець, чаму яе Віктар так усхваляваны. А. Шугачоў усхапіўся зноў:
— Не, ты растлумач мне: што здарылася? Што гэта? Адрыжка старога піжонства? Дык не тыя ж у цябе гады! Галава закружылася? Ад чаго?
— Сам думаю: ад чаго?
— Не прытварайся дурнем. Ты можаш выйсці з многіх камісій, саветаў, камітэтаў, дзе ты часам засядаеш без карысці. Але ёсць такое прадстаўніцтва і такія званні, якія патрэбны нам не для таго, каб задаволіць сваю пыхлівасць ці пакрасавацца на курорце перад бабамі. Не, членства ў такіх камітэтах можа памагчы рабіць справу, якая патрэбна народу. Няўжо табе трэба тлумачыць гэта?
Не, гэта тлумачыць яму непатрэбна. Шчырасць, з якой выказваўся Шугачоў,— прыкмета найвышэйшага сяброўскага даверу. А ён, Максім, заўсёды высока цаніў вернасць у дружбе. Але слухаў ён Шугачова няроўна — то ўважліва і актыўна, то з праваламі, думаючы пра іншае. І гэта іншае было не яго, а іх — Шугачовых. Ён думаў пра Веру. Яе дзявочая бяда засланіла, адціснула яго ўласную драму, дарэчы, не менш банальную.
«А можа, сказаць Шугачовым прычыну майго самаадвода?» — разоў колькі падумаў, ды стрымлівала няўпэўненасць, што сам ён, сабе, правільна вызначыў гэтую прычыну.
Неяк слаба стасавалася адно да аднаго. Можа здарыцца, што староннія, нават Шугачоў, не зразумеюць і пасмяюцца. Зразумець можа хіба толькі Поля — тут ён не сумняваўся. Каб не Віктар, узбуджаны, раззлаваны яго, Максімавым, учынкам і ўласнымі словамі, Полі можна было б усё расказаць. Дарэчы, ёй не трэба была б доўгая споведзь, даволі сказаць: «Дрэнна ў нас, Поля»,— і яна аб усім здагадалася б, паверыла і прыняла б да сэрца са шчырасцю блізкага чалавека. А Віктар можа адказаць на яго прызнанне: «Ідыёт! З-за бабы губіш справу».
А можа, Поля ведае больш, чым ён? Нездарма яна прагнала малую. «З кім гэта яна прагульвалася ў машыне, паважная цёця Даша?» Выходзіць, я не абыякавы яшчэ. Варушыцца яшчэ нешта. Не, гэта ўжо не рэўнасць. Проста не хочацца перажываць і такую пошласць. Дарэчы, Полі варта было б сказаць і пра Веру, хоць і даў Веры слова. Маці... Такая маці павінна ведаць. Але зноў-такі, каб без Шугачова. А то гэты крыкун, чаго добрага, можа тут жа нарабіць шуму. Тады ў Веры сапраўды будзе трагедыя.
— Ты не слухаеш мяне!
— Прабач. Я задумаўся.
— Пра што?
— Пра што? — Максім хітра паглядзеў на гаспадыню.— Сказаць яму, Поля?
Яна прыняла жарт, між іншым, не новы ўжо ў іх.
— Не трэба. Няхай ваша тайна памучае Шугачова. Ён любіць разгадваць чужыя тайны, бо сваіх у яго ніколі не бывае. Чуць з'явіцца і тут жа вылятае.
— Трымайце свае тайны за сямю замкамі. Вам жа горш будзе,— раптам астыў Шугачоў і заняўся бульбай і капустай.
«А сапраўды — горш»,— падумаў Максім.
* * *
У гэты час у другім доме два чалавекі таксама абмяркоўвалі самаадвод Карнача — Браніслаў Макаед і яго жонка, Ніна Іванаўна. Усё было расказана і абгаворана ў часе абеду. Але і перад тэлевізарам, у зацямнёным пакоі, разваліўшыся ў нізкім мяккім крэсле, Макаед не столькі ўнікаў у сюжэт і дэталі венгерскай сямейнай камедыі, колькі ўсё яшчэ думаў пра Карнача, якому неаднойчы кляўся ў дружбе, але ў душы лічыў непрыяцелем, які так часта станавіўся яму на дарозе.
Ніна прынесла каву. Паставіла на столік кавярнік і кубкі. Макаед любіў жыць прыгожа і модна, упэўнены, што ад таго, што архітэктара акружае, на чым ён спіць, з чаго і як есць і п'е, залежыць яго мастацкі густ. Яму прыйшлося нямала прыкласці сілы, каб прывучыць да камфорту Ніну, жанчыну энергічную, прыдатную да любога жыцця, але па-сялянску стыхійную, неэканомную — колькі ў яе гінула харчу, раскідлівую — ніводная рэч раней не клалася, не ставілася ёю на месца. Цяпер знаёмыя захапляюцца густам, з якім абстаўлена іх кватэра. Інтэр'ер — яго фантазія, падтрыманне парадку — справа жанчыны. Але ўрэшце і ў гэтым яго заслуга. Каб хто ведаў, колькі ён, Макаед, вытрымаў, пакуль «утаймаваў гэтую дзікую кабылку». Хоць наўрад ці ўтаймаваў. Чорт з ёй зладзіць, з гэтай настырнай бабай, з якой не атрымаўся архітэктар, але ў якой хапіла сілы волі напісаць і абараніць дысертацыю і заняць месца загадчыка кафедры. Мае большую, чым ён, зарплату, а таму трымае сябе незалежна. Дзе ж справядлівасць? Усё атрымала, усяму навучылася ад яго, а цяпер «задзірае хвост», нават спрабуе камандаваць!
Ніна прымасцілася ў такім жа крэсле з другога боку століка.
— Яны развяліся?
— Хто?
— Героі.
— Чорт іх ведае.
— Ты глядзіш ці спіш?
— Я думаю.
— Пра Карнача?
— Я дорага заплаціў бы, каб даведацца, што гэта: выяўленне яго сілы ці яго слабасці?