Што яшчэ я паспею забыць,
Перш чым шэрае сонца ўзыдзе?
Твой абрыс ці тваё імя?
Ці - што развіталіся ў крыўдзе?
Не вярнуцца - замецены шлях.
Помню толькі - зіму ты любіла.
Помню холад агню ў вачах...
Я шчэ помню... А ты? Ці забыла?
Помню - стрэў цябе... і не пазнаў.
Вочы, поўныя сонечных промняў,
А за імі - неба без хмар...
Я глядзеў - і снежань іх помніў...
Вецер хворы зноў на вясну,
Шэры снег незаўважна знікае...
Між люстэркамі лужын іду...
Забываю цябе, забываю...
2002, люты, 12, аўторак, 0:55
|