Восень пахне шчымлiва дымам -
Паляць дзесьцi салому ды лiсце...
Восень пахне маёй Радзiмай,
I да неба свайго так блiзка...
Пыл дарог зваяваны дажджамi,
I таму ён даўно ўжо не белы
Пад сцягамi хмараў iржавых...
Восень пахне яблыкам спелым,
Восень пахне маёй настальгiяй
Па табе, па страчаным леце...
Восень пахне маёй Радзiмай -
Той, што пункт адпраўлення ў бiлеце.
Я, нiбыта той лiст, адлятаю
Ад бярозаў ды соснаў тутэйшых,
На чужую зямлю ападаю...
Мне самотна, хоць я i не першы,
Хто зляцеў у пошуках шчасця,
Каб знайсцi яго ды ашукацца,
Каб не раз яшчэ крылы скласцi
I з нябёсаў сарвацца...
Восень пахне шчымлiва дымам,
Пахне сумам маiм па Радзiме...
2003, кастрычнiк, 3, пятнiца - 10, пятнiца, 16:20
|