Я родам з пагранiчча Случчыны i Клеччыны, але большую частку сталага жыцця пражыў у Полацку.
Па прафесii - iнжынер-гiдратэхнiк. Служыў у войску ў Групе Савецкiх Войск у Германii (ГДР). Там друкаваўся ў дывiзiённай газеце "Защитник Родины", у газеце Групы "Советская Армия".
Вярнуўся на "грамадзянку" ды зноў працаваў тапографам ды будаўнiком-мелiяратарам. З нiвелiрам i тэадалiтам прайшоў шмат якiх мясцiн Беларусi (Палессе, Мядзельшчына, Наднарачча, Маладзечаншчына, заходняя Вiцебшчына...)
У студзенi 1964 г. пераехаў у Полацк.
Слаўны горад адчынiў мне новую старонку мiнулага Беларусi - Рагвалод, Усяслаў, Еўфрасiння, Скарына... - цэлы гiстарычны архiепелаг.
Менавiта тут з 1965 г. стаўся сябрам лiтаб'яднання "Наддзвiнне", якое ўзначальваў малады тады пiсьменнiк Iван Стадольнiк.
Адзiн час (70-80-я гг.) актыўна займаўся журналiстыкай. Лiчыўся няштатным карэспандэнтам "Сельскай газеты", полацкай газеты. А часопiс "Сельское хозяйство Белоруссии" нават выдаў знак "Отличник печати".
У 1991-1992 гг. выдаў самвыдатам кнiжкi вершаў: "Беларушчына", у 1995-м - "Далёкi голас", а для дзяцей - "Палтэргейст".
У 2000-2001 гг. выйшлi кнiжкi вершаў: "Хто можа схаваць агонь?", "Сам сабе грэшны", для дзяцей - "Чарапашка Лала".У 2006 г выдана кнiжка вершаў 'Зямны госць'. Займаюся краязнаўствам, гiсторыяй Полацка i Полаччыны.
Вершы ўвайшлi таксама ў зборнiкi "Полацку" (Полацк, 2002), "Там, дзе вежы Сафii" (Мiнск, 2003), "Полоцкий альбом" (Санкт-Пецярбург, 2004), альманахi "Наддзвiнне" (1999 -- 2009).
Рыхтуюцца да выдання "Полацкiя Версii" ( эсэ, вершы, былiны), , проза "Маё касмiчнае месца"