САБАЛЕНКА Раман Карпавіч [псеўданімы: Раман Заравы; Ромусь Заравы; крыптанімы: Р.С.; С.Р.; 2(15).10.1907, в. Сабалі Рэчыцкага пав. Мінскай губ., цяпер Брагінскі р-н Гомельскай вобл. - 13.5.1975, Мінск], празаік, паэт, публіцыст. Першы верш апублікаваў у 1927 у газ. 'Звязда'. Пісаў нататкі ў гомельскую сялянскую газ. 'Новая деревня'. У 1929 скончыў Гомельскі педтэхнікум. У 1929-31 служыў у Чырвонай Арміі. Пасля дэмаѓбілізацыі працаваў стыльрэдактарам у газ. 'Палеская праўда'. У 1933-35 вучыўся на вячэрнім адѓдзяленні Гомельскага педагагічнага інстытута. Арыштаваны ў снеж. 1933, але справу закрылі. Другі раз арыштаваны 28.9.1937, але С. зноў быў выпушчаны. Член СП Беларусі з 1939. З пачаткам вайны мабілізаваны ў армію, ваяваў на Калінінскім фронце; нам. камандзіра роты. Зноў арыштаваны і 13.7.1942 прыгавораны ваенным трыбуналам 39-й арміі да 10 гадоў пазбаўлення волі. Але 31.7.1942 прысуд быў адменены з-за адсутнасці складу злачынства. Накіраваны ў армію, ваяваў на 2-м Прыбалтыйскім фронце. У 1945-53 працаваў загадчыкам аддзела культуры, нам. галоўнага рэдактара баранавіцкай абл. газ. 'Чырвоная звязда'. З 1953 у Мінску. Супрацоўнічаў у рэдакцыях газ. 'Калгасная праўда', час. 'Маладосць'. У 1957-66 нам. галоўнага рэдактара штотыднёвіка 'Літаратура і мастацтва'. Атрымліваў дзяржаўныя ўзнагароды. Пахаваны на могілках у Заслаўі.
Тв.: Выбр. тв: У 2 т. Мн., 1967-68; Выбр.: Аповесці і апавяданні. Мн., 1977; Творы: У 2 т. Мн., 1983.
Літ.: Карпаў У. Раман Сабаленка: Літаратурны партрэт // Полымя. 1963, ? 7; Герцовіч Я. Заўжды ў дарозе // ЛіМ. 1967, 13 кастр.; Шушкевіч С. Лета пісьменніка // Шушкевіч С. Выбр. тв: У 2 т. Мн., 1978. Т. 2; БП, т. 5.
САБIЛА Эрнст [нар. 18.3 (паводле пашпарта 31.12) 1932, в. Дзегцяроўка Мінскага р-на, сёння ў межах Мінска], рэлігійны дзеяч, вязень сумлення, публіцыст. У сярэдзiне 1930-х г. сям'ю Сабiлаў як ненадзейных выселiлi далей ад блiзкай савецка-польскай мяжы. Яны пасяліліся ў Бабруйску. Яшчэ хлопчыкам С. далучыўся да евангельскіх хрысціянаў, дзейнасць якіх была легалiзавана ў час нямецкай акупацыi. На працягу 1943-44 сям'я Сабiлаў супрацоўнiчала з савецкiм партызанскiм атрадам на Бабруйшчыне. Пасля вайны С. паступіў у Мінскі медiнстытут; арыштаваны ўлетку 1951. Праз два месяцы асуджаны на расстрэл у фармулёўцы суда за 'антысавецкую агiтацыю на падставе рэлiгiйных i нацыянальных забабонаў'. Пакаранне было заменена на 25 гадоў лагераў. З 1951 да 1956 адбываў зняволенне ў лагерах Электрасталь (Падмаскоўе), Усць-Каменагорск (Паўн. Казахстан), у Кемераўскай вобл., а таксама ва Уладзiмiрскай турме. У 1953 i 1954 рабiў спробы ўцячы, i, паводле ўласнага прызнання, толькi цудам застаўся жывы. У 1956 Судовай калегiяй Вярхоўнага Суда СССР рэабiлiтаваны. Са студз. 1957 зноў вязень ГУЛАГа. Да 1964 знаходзiўся ў Мардовii. Адразу пасля вызвалення ў 1964 за С. быў наладжаны нагляд КДБ. У 1970-х г. здолеў скончыць вячэрняе аддзяленне Мінскага iнстытута замежных моў. Напачатку 1970-х г. стаў прапаведнiкам адной з незарэгiстраваных баптысцкiх абшчын Мінска. З 1988 прасвiтар Евангельскай царквы ў Мінску. Актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці, выступае ў сродках масавай iнфармацыi i на мiтынгах. З сярэдзiны 1990-х г. найбольшыя намаганнi аддае сваёй царкве.
Літ.: Эрнст Сабiла: 'Мая вайна - на каленях перад Богам' (інтэрв'ю) // Наша Нiва. 1998, ? 14; Квяткоўскi С. Эрнст Сабiла // Дэмакратычная апазыцыя.
САВІЧ Францішак Андрэевіч [каля 1815, в. Вяляцічы Пінскага пав. Мінскай губ., цяпер Пінскі р-н Брэсцкай вобл. - каля 1845, мяст. Янушпаль Жытомірскага пав. Валынскай губ., цяпер Іванопаль Жытомірскай вобл., Украіна], паэт, публіцыст, удзельнік вызваленчага руху. Пісаў на бел. і польскай мовах. Паходзіў з сям'і уніяцкага святара. У 1833 з пахвальным пасведчаннем скончыў Пінскае павятовае вучылішча і паступіў у Віленѓскую медыка-хірургічную акадэмію. Разам з іншымі студэнтамі арганізаваў нелегальнае 'Дэмакратычнае таварыства', члены якога лічылі сябе прадаўжальнікамі справы філаматаў. Напісаў для таварыства статут пад назвай 'Прынцыпы дэмакратызму' і адозву-пракламацыю 'Заўвагі аб маральнай вайне народа з дэспатызмам'. Гэтым часам датуецца верш 'Там блізка Пінска...', напісаны на палескім дыялекце. Усталяваў сувязь 'Дэмакратычнага таварыства' з 'Садружнасцю польскага народа' Ш.Канарскага. Арыштаваны 1.6.1838. У зняволенні напісаў на польскай мове 'Споведзь'. 14.2.1839 высланы на Каўказ у салдаты без выслугі. Зрабіў першую спробу ўцячы, але быў злоўлены і адпраўлены на перадавую лінію. 22.4.1841 інсцэніраваў самагубства (пакінуў на беразе р. Церак адпаведную запіску і вопратку). У Балтах (Адэская губ.) захварэў; быў арыштаваны памежнай вартай. Два гады пад чужым імем прасядзеў у турме Тыраспаля. У 1843 адпраўлены санітарам у Чарнігаўскі батальён унутранай варты. Увесну 1844 зноў уцёк. Пад імем доктара Гельгега жыў у мяст. Янушпаль. Падчас эпідэміі халеры, выконваючы медыцынскія абавязкі, захварэў. Перад смерцю паспеў напісаць успаміны, якія разам са 'Споведдзю' перадаў паэту А.Грозе. Гэтыя творы пазней апублікаваў Э.Геленіюш (Іваноўскі).
Тв.: Pamiętnik... // Heleniusz E. Wspomnienia lat minionych. Kraków, 1876. T. 2; Tam blizko Pinska // Pawłowicz E. Wspomnienia z nad Wilji i Niemna. 3 wyd. Lwów, 1895; Дзе ж тое шчасце падзелася?.. // Беларуская літаратура ХІХ стагоддзя: Хрэстаматыя. Мн., 1971.
Літ.: Александровіч С. Старонкі братняй дружбы. Мн., 1960; Смірноў А. Франц Савіч: З гісторыі беларуска-польскіх рэвалюцыйных сувязей 30-40-х гадоў ХІХ стагоддзя. Мн., 1961; ?owicki M. Duch Akademii Wilenskiej. Wilno, 1925; БП, т. 5; ЭГБ, т. 6-1.
CАК Аляксандр Мікалаевіч [14.8.1890, в. Сегда, Навагрудчына - 26.8.1937 ?, Мінск, НКВД], рыма-каталіцкі святар, паэт. Першы муж пісьменніцы Я.Бяганскай. Скончыў Пінскую гімназію. Вучыўся ў Пецярбургу ў Інстытуце лясной гаспадаркі. У 1913 пасля трэцяга курса спыніў вучобу і паступіў у Магілёўскую духоўную каталіцкую семіѓнарыю ў Санкт-Пецярбургу, якую скончыў у 1917. Пасвечаны ў святары ў 1917. Душпастырскую дзейнасць распачаў у Магілёўскай губ. (мясцовасці Фашчоўка, Мікуліна-Руднянская ў Аршанскім пав.). Удзельнік з'езда бел. каталіцкіх святароў у Мінску (24-25.5.1917). З 19.12.1918 жыў у мяст. Сянно. У 1919-21 пробашч у Свяцілавіцкім касцёле і адміністратар у Шклове. Духоўныя ўлады Магілёўскай архідыяцэзіі ў 1922 і 1924 мелі намер накіраваць С. для службы ў Петраград, але ён паѓпрасіў пакінуць яго ў Беларусі. З вясны 1924 жыў у Мінску, дзе часта гасцяваў у Янкі Купалы. Да гэтага перыяду адносяцца многія лірычныя вершы, паэмы і вершаваныя драматургічныя творы С. Служыў святаром на Міншчыне і Мазыршчыне, у Койданаве і Хойніках. Шырока выкарыстоўваў бел. мову ў душпастырскай дзейнасці. Пераследаваўся савецкімі ўладамі. 17.12.1929 змушаны быў публічна адмовіцца ад святарскага сану. Працаваў стыльрэдактарам у Белдзяржвыдавецтве. Арыштаваны ДПУ БССР 24.7.1930 па справе 'Саюза вызвалення Беларусі'. Асуджаны на 5 гадоў ППЛ. Накіраваны на будаўніцтва Беламорска-Балтыйскага канала, дзе знаходзіўся да 1934. Зноў арыштаваны 25.8.1937. Расстраляны.
Літ.: Dzwonkowski R. Losy duchowieństwa katolickiego w ZSSR, 1917-1937: Martyrologium. Lublin, 1998; Гарбінскі БРД.
САКОВІЧ Юльян [12(24).08.1906, фальварак Баўдыры Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл. - 13.06.1943, мяст. Васілішкі Лідскай акругі, цяпер Шчучынскі р-н Гродзенскай вобл.), бел. грамадска-паліт. дзеяч, публіцыст. Скончыў Віленскую беларускую гімназію. З сярэдзіны 1920-х г. - сябра падпольнага камсамола, пазней - Камуністычнай партыі Зах. Беларусі. Упершыню арыштаваны польскімі ўладамі ў снеж. 1925; яго справа была ўзнята ў польскім Сейме паслом Юрыем Сабалеўскім. Прымаў удзел у дзейнасці Беларускай сялянска-работніцкай грамады. У другой палове 1920-х г. вучыўся на агранома ў Віленскім універсітэце, быў сябрам незалежніцкага Беларускага студэнцкага саюза і Беларускай сялянска-работніцкай грамады, Таварыства беларускай школы. У 1929 за пракамуністычную дзейнасць быў выключаны на год з шэрагаў БСС. У ліп.-снеж. 1929 разам з Г.Вялецкім выдаваў у Вільні студэнцкі час. 'Вольная думка'. На працягу 1930-х г. неаднаразова арыштоўваўся польскімі ўладамі; у 1933 праходзіў на судовым працэсе разам з іншымі кіраўнікамі Таварыства беларускай школы. Асуджаны на 3 гады зняволення. Некаторы час пакаранне адбываў у Бяроза-Картузскім канцлагеры. Увосень 1939 С. быў арыштаваны савецкімі ўладамі. Вызваліўся ў пачатку нямецкай агрэсіі. У жн. 1941 арыштаваны на Смаргоншчыне польскай паліцыяй, якая знаходзілася на службе ў нямецкіх акупантаў. Пасля вызвалення працаваў у Мінску начальнікам адміністрацыйнага аддзела Беларускай народнай самапомачы, камендантам гарадской паліцыі. Арганізатар антынацысцкага бел. нацыянальнага падполля, сябра ЦК Беларускай незалежніцкай партыі, кіраўнік Мінскага акруговага камітэта БНП, лідэр падпольнай арганізацыі 'Беларуская народная грамада'. У жн. 1942 - маі 1943 - кіраўнік БНС ў Мінскай акрузе. Летам 1942 увайшоў у штаб па фармаванні вайсковых аддзелаў Беларускай самааховы, якая ў крас. 1943 была распушчана акупацыйнымі ўладамі. За публічныя пратэсты супраць нямецкіх рэпрэсій над мірным насельніцтвам быў высланы на Лідчыну, дзе быў забіты польскай тэрарыстычнай групай.
Кр.: НАРБ, Ф.908.
Літ.: С.Хізма [Адамовіч А.] Паніхіда па свежых ахвярах // Беларуская газэта. 1943. 30 чэрв.; Лідская акруга падчас нямецкай акупацыі 1941 - 1944 г. // Беларуская думка. 1960. ? 1; Ёрш С. Менск, 1942... У падполлі створана Беларуская Незалежніцкая Партыя. На 50-я ўгодкі з дня трагічнай смерці Юльяна Саковіча // Пагоня, 1993, 4-10 чэрв.; Яго ж. Вяртанне БНП. Асобы і дакументы Беларускай Незалежніцкай Партыі. Мн.; Слонім. 1998; Сазанавец Л. Мадонна // Arche. 2000. ? 9; Змагар, Алесь. Сцежкі-дарожкі // Arche. 2001. ? 2. С. 80-81, 88; Гардзіенка А. Беларуская народная самапомач: ад пачаткаў да рэарганізацыі // Спадчына. 2002. ?1.
САКОЛ Пятро [сапр.: Масальскі Пётр Аляксандравіч; іншыя псеўданімы: Пятрусь; Пётра Сакол; 1(14).7.1905, мяст. Пасінь Люцынскага пав. Віцебскай губ., цяпер в. Пасіене Лудзенскага р-на, Латвія - 6.7.1985, Рыга], паэт, перакладчык. Пасля сканчэння Себежскага вучылішча ў 1922-23 вучыўся ў Лудзенскай (Люцынскай) беларускай гімназіі. У 1923 пераехаў у Рыгу. Працаваў на часовых работах. Пачаў друкаваць вершы ў 1923. Быў карэктарам у газ. 'Голас беларуса'. У 1925-26 вучыўся на Беларускіх 2-гадовых настаўніцкіх курсах. У 1927 атрымаў месца настаўніка-практыканта ў Дзвінскай (Даўгаўпілс) беларускай гімназіі. Быў членам Партыі незалежных сацыялістаў і Латгальскага рабочага прафсаюза. З-за сваіх паліт. поглядаў у 1928 быў арыштаваны латышскімі ўладамі. Потым жыў пад наглядам паліцыі; пазбаўлены права выкладаць. У 1929 выдаў адзіны паэтычны зборнік. З 1929 да 1936 атрымліваў толькі часовую работу ў Ліепаі і Рызе (быў таксама карэктарам-перакладчыкам час. 'Беларуская школа ў Латвіі'). Перакладаў рускую, украінскую паэзію, творы Я.Райніса. У 1935 спрабаваў апублікаваць зборнік перакладаў латышскіх дайнаў (народных песень). З 1936 працаваў бухгалтарам на фанернай фабрыцы. З 1942 карэктар-перакладчык у час. 'Новы шлях' (Рыга). Складаў картатэку бел.-латышскага слоўніка. Арыштаваны савецкімі ўладамі ў 1945; асуджаны і адпраўлены на 'фільтрацыю' ў Хабараўскі край, потым у Ніжне-Амурскі папраўча-працоўны лагер МУС. Вярнуўся ў Рыгу ў сак. 1947. Працаваў рабочым.
Тв.: На світанні: Вершы. Рыга, 1929; Дайны: Латышѓскія народныя песні / З латышскай. Мн., 1987.
Літ.: Ліс А. Два перакладчыкі з Латвіі // Далягляды. Мн., 1979; Панізнік С. Вяртанне голасу // Дайны. Мн., 1987; Кекелева Т. Беларускі пясьняр з-пад Люцына // Спадчына. 2000, ? 1; БП, т. 5; ЭГБ, т. 6-1.
САЛАГУБ Алесь Феафілавіч [псеўданімы: Лявон Адраджэнец; Лявон Чачотка; крыптанімы: А.С.; А.С. і В.Т. (разам з В.Таўлаем); 5(18).10.1906, в. Зарудзічы Вілейскага пав. Віленскай губ., цяпер Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл. - 17.5.1934, Мінск, НКВД], паэт, публіцыст, літаратуразнавец, мемуарыст. У 1922-27 вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі. Сістэматычна літаратурнай дзейнасцю займаўся з 1924. Публікаваўся ў зах.-бел. выданнях 'Студэнцкая думка', 'Беларуская ніва', 'Народная справа', 'Маланка'. У 1926 ад талстоўскай ідэі 'несупраціўлення' перайшоў да канцэпцыі класавага змагання і сацыялістычных ідэй. Удзельнічаў у руху БСРГ, арганізоўваў у сваім павеце гурткі Грамады, распаўсюджваў забароненую літаратуру. Арыштоўваўся польскімі ўладамі ў 1924 і 1927, быў вязнем Лукішак і Стафанаўскага астрогу ў Вільні. Пасля вызвалення ў 1928 нелегальна перайшоў польска-савецкую мяжу. Паступіў вучыцца ў БДУ. У 1929 выдаў зборнік вершаў, якія былі напісаны ў зняволенні. Пасля сканчэння ў 1931 ун-та аспірант Інстытута літаратуры і мастацтва БелАН. У 1933 у час. 'Полымя рэвалюцыі' (? 1) апублікаваў працу 'Мастацкая літаратура 'Грамады', дзе прааналізаваў прэсу і літаратуру БСРГ. Арыштаваны 10.8.1933 па справе 'Беларускага нацыянальнага цэнтра'. Калегіяй АДПУ СССР прыгавораны 9.1.1934 да расстрэлу. Рэабіѓлітаваны 18.4.1956. Сям'я С. (жонка і сын) таксама былі рэпрэсаваны і сасланы на Поўнач. Самы значны твор літаратурнай спадчыны С. - 'Лукішскі дзённік', апублікаваны фрагментамі ў 1961.
Тв.: Лукішкі: Вершы з Заходняй Беларусі. Мн., 1929; Лукішскі дзённік: Фрагменты // Полымя. 1961, ? 4.
Літ.: Калеснік У. Слова з-за крат // Полымя. 1961, ? 4; Яго ж. Алесь Салагуб // Калеснік У. Лёсам пазнанае. Мн., 1982; Ліс А. Дзе вы, хлопцы, браты песняры? // Ліс А. Цяжкая дарога свабоды. Мн., 1994; Возвращенные имена; БП, т. 5; ЭГБ, т. 6-1.
САЛАНЕВІЧ Іван Лук'янавіч [1(13).11.1891, с. Руднікі Пружанскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Пружанскі р-н Брэсцкай вобл. - 24.4.1953, Буэнас-Айрэс, Аргенціна], пісьменнік, публіцыст, выдавец, філосаф, гісторык, грамадскі дзеяч. Сын Л.Саланевіча. У 1916 скончыў Петраградскі ун-т. Пачаў кар'еру журналіста ў газ. 'Гродненские губернские ведомости'. У 1909-12 працаваў у газ. 'Белорусская жизнь' (з 1911 - 'Северо-Западная жизнь'), заснаванай яго бацькам. З 1912 супрацоўнік пецярбургскай газ. 'Новое время'. Віцэ-чэмпіён Расіі па гіравым спорце 1914, удзельнік спаборніцтваў па футболе, боксе, барацьбе. Публікаваўся ў спартыўнай прэсе. У 1908-10 у Гродне і Віцебѓску арганізаваў спартыўныя таварыствы 'Сокал'. Не прыняў Кастрычніцкую рэвалюцыю. Выехаў у Адэсу. З 1926 у Маскве. Працаваў у прафсаюзах, супрацоўнічаў з газ. 'Известия', апублікаваў некалькі брашур аб спорце. У 1933 спрабаваў уцячы з СССР. Арыштаваны і накіраваны на будаўніцтва Беламорканала. У жн. 1934 разам з сынам уцёк з лагера, прабраўся ў Фінляндыю. Жыў у Балгарыі. Напісаў кнігу ўспамінаў 'Россия в концѓлагере' (апублікавана ў 1936). З 1936 выдаваў у Сафіі газ. 'Голос труда', перайменаваную ў 'Голос России'. Газета распаўсюджвалася ў 52 краінах свету і стала ідэалагічным цэнтрам расійскай правай эміграцыі. Пасля закрыцця ў 1938 газеты балгарскімі ўладамі пераехаў у Германію. Выступіў супраць планаў Германіі пачаць вайну з СССР, за што быў арыштаваны і сасланы пад нагляд гестапа ў мяст. Апельбек пад Гамбургам. З 1948 жыў у Аргенціне. У Буэнас-Айрэсе заснаваў газ. 'Наша страна'. Галоўны твор С. - філасофска-паліталагічная праца 'Народная манархія'.
Тв.: Белая империя. Буэнос-Айрес,1952; М., 1997; Народная монархия. Буэнос-Айрес, 1955, 1973; М., 1991; Мн., 1998.
Літ.: Дьяков И. Дело, которое больше нас // Наш современник. 1991, ? 11; Черепица В.Н. Преодоление времени. Мн., 1996; ЭГБ, т. 6-1.
САЛАНЕВІЧ Лук'ян Міхайлавіч [8(20).10.1866 - 1938 ?, ГУЛАГ, Краснаярскі край ?], грамадскі дзеяч, журналіст, выдавец, краязнавец. Бацька І.Саланевіча. У 1886 скончыў Свіслацкую настаўніцкую семінарыю. Да 1896 працаваў у народных вучылішчах Бельскага, Пружанскага, Гродзенѓскага пав. Да 1907 служыў на канцылярскіх пасадах у Гродзенскім губернскім праўленні. З канца 1890-х г. супрацоўнічаў з газ. 'Гродненские губернские ведомости', з 1897 сакратар неафіцыйнай часткі газ., у 1905-08 - рэдактар газеты. Пісаў на тэмы краязнаўства, адукацыі, культуры, аховы здароўя. Член Гродзенскага праваѓслаўнага Сафійскага брацтва, Гродзенскага царкоўна-археалагічнага камітэта. У 1908 сузаснавальнік 'Беларускага таварыства'. Прыхільнік 'заходне-русізму', гістарычных поглядаў М.Каяловіча і палітыкі П.Сталыпіна. У 1909 пераѓехаў у Вільню, дзе пачаў выдаваць газ. 'Белорусская жизнь' (з 1911 - 'Северо-Западная жизнь'). З 1912 пры рэдакцыі газеты пачала выходзіць 'Беларуская гістарычная бібліятэка'. У 1916 у сувязі з набліжэннем фронту пераехаў у Ялту. Не прыняў Кастрычніцкай рэвалюцыі 1917 у Расіі, адышоў ад журналісцкай і грамадскай дзейнасці. У 1934 пасля ўцёкаў сына Івана з СССР арыштаваны. Паводле некаторых звестак, загінуў у лагеры каля Паўночна-Енісейска. Рэѓабілітаваны ў 1989.
Тв.: Краткий исторический очерк Гродненской губернии. Гродно, 1901.
Літ.: Дьяков И. Дело, которое больше нас // Наш современник. 1991, ? 11; Черепица В.Н. Преодоление времени. Мн., 1996; ЭГБ, т. 6-1.
САМОЙЛА Уладзімір Іванавіч [псеўданімы: Владак з Казіміроўкі; Наглядчык; Сірыус; Суліма; Sulima; М. Чэмер; Ул. Чэмер; крыптанімы: Н.; С.; В.С.; Вл.С.; Ул.С.; В.С.-а; Ч-мр.; S; S-ик; Ars; 17(29).1.1878, Мінск - чэрв. 1941, Мінск (?), НКВД], публіцыст, філосаф-эстэтык, літаратураѓзнавец, паэт, празаік. Пасля сканчэння Мінскай гімназіі вучыўся ў Маскоўскім ун-це, у 1916 скончыў Петраградскі ун-т. У 1906 стаў адным з заснавальнікаў кніжнага таварыства 'Мінчук'. Спрыяў першым публікацыям твораў Я.Купалы. З 1918 жыў у Вільні. Выкладаў у розных навучальных установах. У 1918-22 быў рэдактарам-выдаўцом газ. 'Виленская речь'. Аўтар шматлікіх артыкулаў і эсэ, прысвечаных творчасці бел., зах.-еўрапейскіх, расійскіх пісьменнікаў. У 1922-27 быў адным з вядучых публіцыстаў у зах.-бел. друку. Пасля разгрому БСРГ адышоў ад актыўнага ўдзелу ў грамадска-паліт. жыцці. Публікаваў працы пераважна культуралагічнай тэматыкі. На пачатку 1930-х г. працаваў бібліятэкарам Беларускага музея імя І.Луцкевіча. Арыштаваны савецкімі ўладамі ў кастр. 1939. Этапаваны ў Мінск (?), расстраляны.
Тв.: Праф. Здзяхоўскі аб беларускай душы. Вільня, 1924; Які 'Самаўрад' гатуе Беларускаму народу Польская рэспубліка? Вільня, 1924; 'Nowy' i 'najnowszy' kurs polityki polskiej w sprawie biaіoruskiej. Wilno, 1932; У кн.: Александровіч С.Х., Александровіч В.С. Беларуская літаратура ХІХ - пачатку ХХ ст.: Хрэстаматыя крытычных матэрыялаў. Мн., 1978.
Літ.: Бас І. Уладак з Казіміраўкі // Бас І. Падарожжа ў літаратурнае мінулае. Мн., 1971; Калинкович Н. Как дань глубокого уважения... // Неман. 1979, ? 11; Александровіч С.Х. Уладзімір Самойла - даследчык паэзіі Янкі Купалы // Песні беларускай валадар. Мн., 1981; Конан У. Прарок у сваёй Айчыне: Ул.Самойла, 1878-1941 // Вяртання маўклівая споведзь: постаці творцаў беларускай гісторыі ў кантэксце часу. Мн., 1994; БП, т. 5; ЭГБ, т. 6-1.
САХАРАЎ Сяргей Пятровіч [псеўданімы: Гісторык; Двинчанин; Дзьвінчук; Скучающий; крыптанімы: С.; С.С.; 16(28).9.1880, Полацк - 22.4.1954, Рыга], фалькларыст, этнограф, публіцыст, педагог. У 1891-95 за дзяржаўны кошт вучыўся ў Полацкім духоўным вучылішчы; у 1901 скончыў Віцебскую духоўную семінарыю. Адмовіўѓся ад духоўнага сана. Настаўнічаў у Люцынскім пав. і ў Люцыне. У 1907-11 вучыўся на юрыдычным ф-це Юр'еўскага (Тартускага) ун-та; адначасова слухаў лекцыі на гісторыка-філалагічным ф-це. З 1911 выкладаў у Віцебску ў гімназіях і настаўніцкім інстытуце; адначасова працаваў сакратаром Віцебскай архіўнай камісіі. У 1913 прызначаны інспектарам народных вучылішчаў у Юр'еве. У 1917 С. давялося шмат павандраваць па Беларусі ў пошуках працы (Пінск, Барысаў, Мінск, Магілёў). З кастр. 1917 дырэктар Люцынскай рускай гімназіі. З 1921 старшыня бел. грамадскага культурна-асветнага таварыства 'Бацькаўшчына'. З пачатку 1922 жыў у Рызе. Кіраўнік бел. аддзела Міністэрства асветы Латвіі. Пасля ліквідацыі ў 1925 бел. аддзела дырэктар Дзвінскай беларускай гімназіі. У 1932 гімназія была ліквідавана, С. адѓпраўлены на пенсію. Пераехаў у Рыгу, актыўна заняўся гісторыка-літаратурнай працай, запісваў бел. фальклор Латгаліі. З 1940 зноў вярнуўся да выѓкладчыцкай дзейнасці, працаваў у бел. і рускіх школах. Арыштаваны ў крас. 1945; асуджаны на 5 гадоў лагераў. Пакаранне адбываў у лагерах Карабас і Батык (Казахстан). Вярнуўся ў Латвію ў 1950 без права пражывання ў Рызе.
Тв.: Народное образование в Юрьевском уезде. Юрьев, 1917; Город Лудза в прошлом и настоящем: (Популярный очерк). Рига, 1935; Полацкі князь Усяслаў - нацыянальны беларускі асілак. Вільня, 1939; Православные церкви в Латгалии: [Историко-статистическое описание]. Рига, 1939; Народная творчасць латгальскіх і ілукстэнскіх беларусаў. Рыга, 1940. Вып. 1.
Літ.: Ліс А. Збіральнік духоўных скарбаў // ЛіМ. 1980, 7 крас.; Папар С. (Панізнік С.). У зялёным садзе вятры гудзелі // Голас Радзімы. 1980, 23 кастр.; БП, т. 5; ЭГБ, т. 6-1.
СВАЯК Янка [сапр.: Фальскі Мар'ян; крыптанімы: М.Ф.; M.F.; 7.12.1881, в. Нача Слуцкага пав. Мінскай губ., цяпер Ляхавіцкі р-н Брэсцкай вобл. - 7.10.1974, Варшава], перакладчык, публіцыст, педагог. Пісаў на польскай і бел. мовах. У 1899 скончыў Мінскую гімназію. У 1903 у перакладзе на бел. мову выдаў апавяданне М.Жыха (С.Жаромскага) 'Да свайго бога'. Публікаваў таксама свае пераклады Г.Сянкевіча. Вучыўся ў Варшаўскім політэхнічным інстытуце. Адзін з аўтараў лістовак на бел. мове 'Царская гаспадарка' і 'Прызыўныя' (1904-05), у якіх востра крытыкавалася палітыка царскага ўрада. У 1905 далучыўся да ППС, пасля ППС-лявіцы; падтрымліваў кантакты з БСГ. Арыштаваны ў 1907; зняволены ў Варшаўскай цытадэлі. У 1910 выдаў польскі лемантар 'Навука чытання і пісання', які на працягу 60 гадоў быў абавязковым падручнікам у школах. З 1919 працаваў у Міністэрстве асветы Польшчы. У 1931 быў экспертам Лігі нацый у Кітаі па праблемах адукацыі. Пасля 2-й сусветнай вайны працаваў у Міністэрстве асветы ПНР і Польскай Акадэміі навук (куратар аддзела арганізацыі асветы). Аўтар шматлікіх прац па гісторыі, арганізацыі і методыцы навучання. Прафесар [1954]. Пакінуў мемуары.
Тв.: Помач работнікам у Нямеччыне // Наша ніва. 1907, 8, 21 чэрв.; Прызыўныя! Царская гаспадарка // Сацыялістычны рух на Беларусі ў пракламацыях. Мн., 1927; Fragmenty prac z zakresu oświaty 1900-1944 // Studia pedagîgiczne. 1974. T. 31.
Літ.: Александровіч С. З майго падарожжа // Полымя. 1969, ? 8; Яго ж. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971. С. 120-123; Яго ж. Кнігі і людзі. Мн., 1976. С. 34-38; Turonek J. Udział Mariana Falskiego w białoruskiej działalności wydawniczej // Przegląd Historyczno-Oświatowy. 1982, ą 3-4; БП, т. 5.
СВЁНТАК Казімір [нар. 21.10.1914, мяст. Котвіч, Эстонiя], царкоўны дзеяч, рыма-каталіцкі кардынал, шматгадовы вязень сталiнскiх лагераў. Паходзiць з польскай шляхецкай сям'i. У час 1-й сусветнай вайны сям'я Свёнтакаў была эвакуіравана на Усход. Пасля аднаўлення Польскай дзяржавы яны пасяліліся ў Баранавiчах, дзе С. скончыў мясцовую гiмназiю. У 1933 паступіў у Вышэйшую духоўную семінарыю імя Тамаша Аквінскага ў Пiнску, у крас. 1939 пасвечаны ў святары i распачаў душпастырскую дзейнасць вікарыем у мяст. Пружаны. У крас. 1941 арыштаваны савецкімі ўладамі па абвiнавачваннi ў шпiянажы i два месяцы ўтрымлiваўся ў Брэсцкай турме. У канцы чэрв. 1941 быў вызвалены немцамі з турмы і вярнуўся да сваiх вернiкаў у мяст. Пружаны. Пасля вайны застаўся з парафiянамi. У снеж. 1944 зноў арыштаваны савецкімі ўладамі i асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волi. Зняволенне адбываў у лагерах Сібіры і Комі АССР. Пасля вызвалення 16.6.1954 вярнуўся да душпастырскай дзейнасці. Зноў узнiкла магчымасць пераезду, гэтым разам у Польшчу, але ён застаўся ў Беларусi. З 1.12.1954 пробашч у Пінску. З 13.4.1991 арцыбіскуп, мітрапаліт Мінска-Магілёўскі, апостальскі адміністратар Пінскай дыяцэзіі. 30.10.1994 Папа Ян Павел II абвясцiў яго кардыналам.
Лiт.: Невяроўскi А. Юбiлей кардынала // Навiны. 13.4.1999; Гардзіенка А. Кардынал Казімір Сьвёнтэк // Дэмакратычная апазыцыя.
СЕМАШКЕВІЧ Раман Мацвеевіч [1900, мяст. Лебедзева Вілейскага пав. Віленскай губ., цяпер вёска Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. - канец 1937, Масква, НКВД], жывапісец, графік, скульптар. Скончыў гімназію ў Вільні. Афармляў час. 'Рунь' (1923), які выдавалі навучэнцы Віленскай беларускай гімназіі. Член КСМЗБ. З 1924 жыў у СССР. Вучыўся ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме, скончыў яго ў 1927 па класе скульптуры. Накіраваны вучыцца ў Вышэйшы мастацка-тэхнічны інстытут ў Маскве (ВХУТЕИН) на ф-т жывапісу, які скончыў у 1930. Выстаўляцца пачаў у 1924; удзельнік 3-й Усебеларускай мастацкай выставы (1930). У 1932 наладзіў персанальныя выставы ў Петрыкаве, Мазыры, Мінску. Аўтар жывапісных работ: 'Галадоўка палітзняволеных у Лукішскай турме', 'На этапе', 'Паны забіраюць апошнюю карову', 'Бойка з секвестратарамі', 'Здзек паліцыі'; партрэтаў А.Грыневіча, В.Таўлая, Я.Купалы, Я.Коласа, групавога партрэта М.Галадзеда, М.Гікалы і А.Александровіча; скульптурнай кампазіцыі 'Юны змагар'. Арыштаваны 2.11.1937, усе творы былі канфіскаваны. Паводле рашэння 'тройкі' расстраляны.
Літ.: Салагуб А. Раман Семашкевіч // ЛіМ. 1932, 19 ліст.; Ліс А. Пякучай маланкі след. Мн., 1981; Васільева Н. Ён жыў, каб ствараць... // ЛіМ. 1988, 15 крас.
СЕРАДА Янка [Іван Мікітавіч; 1(13).5.1879, в. Задзвеі Навагрудскага пав. Мінскай губ., цяпер Баранавіцкі р-н Брэсцкай вобл. - пасля 19.11.1943], грамадскі і паліт. дзеяч, вучоны-аграрый, публіцыст. У 1903 скончыў Варшаўскі ветэрынарны інстытут. У 1905-06 служыў у арміі ў Маньчжурыі. У 1907-11 працаваў ветэрынарам у Мінскай губ., адначасова выкладаў у Мар'іна-Горскім сельскагаспадарчым вучылішчы. Член БСГ. Публікаваўся з 1914 (час. 'Саха'). Падчас 1-й сусветнай вайны мабілізаваны ў армію. У 1917 быў старшынёй прэзідыума Усебеларускага з'езда; у 1918 старшыня Рады БНР. У 1918 член ЦК Беларускай партыі сацыялістаў-федэралістаў. У 1919-20 уваходзіў у Часовы Беларускі нацыянальны камітэт, прэзідыум Найвышэйшай рады БНР. У 1921-25 навуковы супрацоўнік і загадчык бібліятэкі Інбелкульта, выкладчык МБПТ. Працаваў у Наркамаце земляробства БССР. У 1923-24 арганізатар і дырэктар Мінскага ветэрынарна-заатэхнічнага тэхнікума. У ліп. 1925 - снеж. 1929 дацэнт БСГА у Горы-Горках; адначасова з 1927 навуковы супрацоўнік Беларускага НДІ сельскай і лясной гаспадаркі. Выступаў у друку з навуковымі, навукова-папулярнымі і публіцыстычнымі артыкуламі на сельскагаспадарчыя тэмы. Арыштаваны ДПУ БССР 4.7.1930 па справе 'Саюза вызвалення Беларусі'. Па пастанове Калегіі АДПУ СССР ад 10.4.1931 сасланы ў Яраслаўль тэрмінам на 5 гадоў. Паўторна прыгавор вынесены 27.12.1941; атрымаў 10 гадоў пазбаўлення волі. Датэрмінова вызвалены 19.11.1943 з Краслага (Краснаярскі край). Далейшы лёс невядомы. Па 1-м прыгаворы рэабілітаваны 10.7.1988, па 2-м - 16.1.1989.
Тв.: Як трэба каваць коні. Мн., 1926; Ветэрынарыя і зоаѓгігіена. Кн. 1-2. Мн., 1927-1928; Пабудова сіласаў у калгасах і саўгасах. Мн., 1930.
Лiт.: Возвращенные имена; ЭГБ, т. 6-1.
СЕРАФІМАЎ Васіль Сцяпанавіч [1897-1972], педагог, дзяржаўны дзеяч, краязнавец. З 1925 быў загадчыкам Бабруйскага акруговага адѓдзела народнай адукацыі, з 1926 нам. загадчыка Мінскага акруговага аддзела народнай адукацыі. З 1930 у БелАН, старшыня Цэнтральнага бюро краязнаўства. Друкаваўся ў час. 'Наш край'. Пры ім вяліся пошукі нацдэмаў у краязнаўчым руху. У 1937 першы нам. наркама асветы БССР. Арыштаваны ў 1937; хутка вызвалены. У 1951 скончыў Акадэмію грамадскіх навук пры ЦК ВКП(б). Больш за 20 гадоў быў рэктарам Брэсцкага педагагічнага інстытута. У 1960-я г. напісаў успаміны пра Янку Купалу (друкаваліся ў час. 'Полымя').
Літ.: Кандыбовіч С. Разгром нацыянальнага руху ў Беларусі. Мн., 2000.
СЕРБЕНТА Віталь Андрэевіч [2(14).6.1895, в. Люкяй Вілкавішскага пав. Сувалкаўскай губ., цяпер Марыямпальскі р-н, Літва - 26.10.1980, Мінск], гісторык, філосаф. Удзельнік рэвалюцыйнага руху, рэдактар падпольных і легальных выданняў у Літве, Маскве, Варонежы, Харкаве. З 1920 загадчык аддзела друку Харкаўскага губкама КП(б)У, сакратар Літоўскай секцыі пры ЦК КП(б)У. Рэдактар літоўскай газ. 'Darbininkų balsas' і час. 'Raudonoju Dirva'; газ. 'Красные резервы', 'Красноармейская страница', 'Коммунист' (орган ЦК КП(б)У). У 1920 скончыў гісторыка-філалагічны ф-т Харкаўскага ун-та; у 1922 - медыцынскі ф-т. У 1922-23 выкладчык Камуністычнага ун-та народаў Захаду. У 1924 скончыў Інстытут чырвонай прафесуры. З 1924 у Беларусі. Загадчык Віцебскай губсавпартшколы. У 1925-27 нам. загадчыка аддзела друку ЦК КП(б)Б, з 1929 дырэктар Інстытута гісторыі партыі пры ЦК КП(б)Б. Прычыніўся да барацьбы з т. зв. беларускім нацыянал-дэмакратызмам; да выгнання з Мінска В.Доўнар-Запольскага, забароны друкаваць яго 'Гісторыю Беларусі'. Прафесар (1930), акадэмік БелАН (1931), доктар гістарычных навук (1934). У 1932-37 загадчык сектара Інстытута гісторыі БелАН. Арыштаваны 22.5.1937. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР 14.11.1937 асуѓджаны на 10 гадоў лагераў. Паўторна прыгавораны Асобай нарадай пры МДБ СССР ад 26.11.1949 да высылкі на пасяленне ў Краснаярскі край. Рэабіѓлітаваны 30.5.1956. З 1957 загадчык сектара, з 1967 навуковы супрацоўнік Інстытута філасофіі і права АН БССР. Даследаваў гісторыю філасофіі і сацыялагічнай думкі ў Беларусі і Літве. Сааўтар кніг 'З гісторыі філасофскай і грамадска-палітычнай думкі Беларусі' (1962), 'Нарысы гісторыі марксісцка-ленінскай філасофіі ў Беларусі, 1919-1968' (1968).
Літ.: Возвращенные имена; ЭГБ, т. 6-1.
СЕРГІЕВІЧ Юльян Іосіфавіч [23.9.1910, в. Юраўшчына Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Маладзечанскі р-н Мінскай вобл. - 4.10.1976, в. Ленкаўшчына Маладзечанскага р-на], паэт, самадзейны мастак. Першы верш С. 'Дуб' быў апублікаваны ў 1922 у час. 'Маладое жыццё'. Друкаваўся ў перыядычных выданнях Зах. Беларусі, найперш у час. 'Маланка' і газ. 'Шлях моладзі'; у калектыўным зборніку 'Рунь веснаходу'. У сярэдзіне 1920-х г. быў актывістам БСРГ і ТБШ. У 1939 павіѓнен быў выйсці яго зборнік паэзіі, але пачатак вайны не дазволіў ажыццявіцца гэтым планам. З нападам Германіі на Польшчу ў вер. 1939 мабілізаваны ў польскую армію. Трапіў у нямецкі палон. Знаходзіўся ў лагерах для ваеннапалонных (разам з Я.Брылём, для якога С. стаў прататыпам аднаго з герояў рамана 'Птушкі і гнёзды'). Працаваў у Камітэце беларускай самапомачы ў Берліне. Вярнуўшыся на Радзіму пасля вайны, настаўнічаў у в. Ленкаўшчына і Манішчыцы Маладзечанскага р-на. Арыштаваны ў 1946. Да 1956 знаходзіўся ў лагерах Поўначы, Сібіры, Казахстана. Потым працаваў у калгасе, жыў у в. Ленкаўшчына. Друкаваўся мала, пераважна ў маладзечанскай раённай газеце. Некаторыя творы былі апублікаваны ўжо пасля яго смерці. Як мастак размалёўваў насценныя кілімы, пісаў тэматычныя карціны з жыцця вёскі. Творы С. экспанаваліся на рэспубліканскай выставе ў 1978. Яго вобраз як настаўніка створаны ў кнізе польскага празаіка З.Жакевіча 'Воўчыя лугі'.
Тв.: Музыка // Рунь веснаходу. Вільня, 1928; За волю нашых родных хат: [Вершы] // Полымя. 1991, ? 7; Вершы з фашысцкай няволі // Полымя. 1992, ? 9.
Літ.: Чаркасава Д. Люблю. Мн., 1978. С. 72-74; Брыль Я. З любоўю да слова // Голас Радзімы. 1980, 21 лют.; Гардзіенка А. Юльян Сергіевіч // Наша ніва. 2001, 3 вер.; БП, т. 5.
СІМАНОВІЧ [сярэдзіна XVIII ст. - першая палова XIX ст.], паэт, сатырык. Служыў столаначальнікам Магілёўскай казённай палаты. Пісаў на рускай мове. Перадаў Васілю Пасеку (пляменніку магілёўскага губернатара) акраверш, у 'якім ганілася гасударыня імператрыца Кацярына ІІ'. Калі Пасек быў арыштаваны ў 1794 з-за фінансава-спадчынных праблем, у яго быў знойдзены гэты верш. У выніку С. саслалі на дваццаць гадоў у Сібір.
Літ.: Пассек В. Отрывок жизни // Русский архив. 1863. Слуп. 645-647; Мальдзіс, На скрыжаванні... С. 272.
СІЎКО Уладзімір [псеўданім Горн; нар. 7.1.1916, Мінск], паэт, педагог, бел. вайсковы дзеяч. Сям'я С. паходзіць з в. Ачукевічы каля мяст. Любча (Навагрудскі пав. Мінскай губ., цяпер Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл.). Скончыў Навагрудскую беларускую гімназію (1933). Свае вершы друкаваў пад псеўданімам у віленскім час. 'Шлях моладзі'. Служыў у польскім войску (1937-38, 1939), браў удзел у нямецка-польскай вайне ў вер. 1939. Да 1941 працаваў настаўнікам бел. мовы ў Ачукевіцкай школе. Падчас нямецкай акупацыі становіцца афіцэрам, служыць у бел. вайсковых аддзелах на Навагрудчыне. Вясной 1944 прадстаўляў бел. бок на тайных перамовах з камандзірамі польскай Арміі Краёвай на Навагрудчыне. У 1944-45 жыў і працаваў у Вільні. Арыштаваны 25.8.1945, знаходзіўся ў мінскай турме НКДБ. Зняволенне адбываў на Калыме, дзе працаваў у шахтах. У бальшавіцкіх канцлагерах тайна працягваў пісаць патрыятычныя вершы. Пасля вяртання ў Беларусь жыў у Любчы. З-за сваёй 'нядобранаѓдзейнасці' доўга не мог знайсці работу. З сям'ёй выязджаў у Расію, пасля вярнуўся. У 1990-х г. друкаваў успаміны і вершы ў мясцовым і рэспубліканскім друку. Цяпер жыве ў Магілёве.
Тв.: Познія кветкі: Вершы. Навагрудак, 1996.
Літ.: Антысавецкія рухі.
СКАБЛОЎ Фёдар Аляксеевіч [1897, Рэчыца Мінскай губ., цяпер горад Гомельскай вобл. - 7.7.1938, Мінск, НКВД], эканаміст. Скончыў БДУ. У 1931 паступіў у аспірантуру БелАН. З 1935 старшы навуковы супрацоўнік Інстытута эканомікі. З 1937 кіраўнік секцыі. Адначасова выкладаў палітѓэканомію ў Інстытуце народнай гаспадаркі. Арыштаваны 4.3.1938. Прыгавораны 25.5.1938 да расстрэлу. Рэабілітаваны 5.10.1957.
Літ.: Возвращенные имена.
СКАКАЛЬСКІ Гдалій Абрамавіч [1901 - ?], музейны работнік. У 1936-39 быў навуковым суѓпрацоўнікам Музея рэвалюцыі (Мінск), у 1939-40 - дырэктарам. У 1943 асуджаны на 5 гадоў ссылкі. Рэабілітаваны ў 1997.
Літ.: Гужалоўскі А. Музеі Беларусі (1918-1941 гг.). Мн., 2002.
СКАНДРАКОЎ Сяргей Вячаслававіч [псеўданімы: Сяргей Мглінскі; Янка з Вялікага Поля; 9(21).10.1876, Мглін Чарнігаўскай губ., цяпер Бранская вобл., Расія - 2.8.1953, Караганда], журналіст, вучоны-аграном, краязнавец. Вучыўся ў Слуцкай і Мінскай гімназіях. У 1906 скончыў Маскоўскі сельскагаспадарчы інстытут. Удзельнічаў у рабоце Мінскага таварыства аматараў прыгожых мастацтваў. Публікаваўся ў газ. 'Минский листок'. Быў знаёмы з Я.Купалам і Я.Коласам. Перапісваўся з У.Караленкам. У час рэвалюцыі 1905-07 член Мінскага камітэта Беларускай сацыялістычнай грамады. Рэдактар-выдавец газ. 'Голос Белоруссии'; першы яе нумар выйшаў 1.1.1906 і газета адразу была забаронена ўладамі. Адзін з заснавальнікаў кніжнага таварыства 'Мінчук'. З 1911 дырэктар Чырвонаградскай доследнай станцыі ў Палтаўскай губ. З 1921 дырэктар Беларускай агранамічнай станцыі ў Банцараўшчыне пад Мінскам. Выкладаў у БДУ і БСГА; працаваў у Беларускім НДІ сельскай і лясной гаспадаркі. У 1923-25 вучоны сакратар Цэнтральнага бюро краязнаўства пры Інбелкульце. Аўтар навукова-папулярных нарысаў па аграноміі, артыкулаў па краязнаўстве. Збярог жывапісныя творы К.Каганца 'Тып беларуса' і 'Зімовы пейзаж'. С. - прататып Кандаковіча ў трылогіі Я.Коласа 'На ростанях'. Арыштаваны ДПУ БССР 6.7.1930 па справе 'Саюза вызвалення Беларусі'. Высланы ў Яраслаўль. З 1931 працаваў на навуковых і педагагічных пасадах у Яраслаўлі, Мічурынску, Душанбе, Алма-Аце, Карагандзе. Рэабілітаваны.
Тв.: Аграном Сэрадэля // Маладняк. 1924, ? 4.
Літ.: Александровіч С.Х. Пуцявіны роднага слова. Мн., 1971; Скалабан В. Па слядах Сяргея Мглінскага // Мастацтва Беларусі. 1986, ? 11; ЭГБ, т. 6-1.
СКАРДЗІС (СКАРДЖУС) Вікенцій Іосіфавіч [28.4.1897, в. Сафійск Чавускага пав. Магілёўскай губ., цяпер Чавускі р-н Магілёўскай вобл. - 1967, ?], гісторык, публіцыст. Нарадзіўся ў літоўскай сям'і. Працаваў у літоўскім сектары АН, Інстытуце нацыянальных меншасцей, Інстытуце гісторыі БелАН. Кандыдат гістарычных навук. Вывучаў гісторыю пасяленняў літоўцаў у Беларусі. Арыштаваны 10.12.1937. Асобай нарадай 19.8.1938 прыгавораны да 5 гадоў высылкі ў Казахстан. Вызвалены ў 1943. Пасля жыў у Кустанайскай вобл. Казахстана. Рэабілітаваны 11.11.1957.
Лiт.: Возвращенные имена.
СКІРМУНТ Алена (Гелена) Аляксандраўна [5.11.1827, в. Калоднае Пінскага пав. Мінскай губ., цяпер Столінскі р-н Брэсцкай вобл. - 1(13).2.1874], мастачка, мемуарыстка. Вучылася жывапісу ў Вільні ў В.Дмахоўскага. На працягу 1844-45 падарожнічала па Еўропе. Апроч партрэтаў і пейзажаў стварала абразы для касцёла. Займалася скульптурай, вырабіла медальёны з партрэтамі І.Лялевеля, Ю.Крашэўскага. У 1863 везла паўстанцам дэпешу Р.Траўгута. Арыштавана, саслана ў Тамбоў. Пасля ссылкі жыла ў Крыме, дзе выканала гіпсавыя плакеты 'Міндоўг', 'Гедымін', шахматы ў выѓглядзе войска Яна ІІІ Сабескага (сярод іх ёсць паляшук). Вяла дзённік, пісала мемуары (на польскай мове). Фрагменты рукапісаў з лістамі апублікаваны ў выданні 'З жыцця ліцвінкі, 1827-1874' (1876).
Літ.: PSB; ЭГБ, т. 6-1.
СКІРМУНТ Генрык [1868, в. Моладава Кобрынскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Іванаўскі р-н Брэсцкай вобл. - 20.9.1939], паэт, кампазітар. Пісаў на польскай мове. Вучыўся ў Пецярбургскай кансерваторыі, у Парыжы, Варшаве. Аўтар оперы 'Пан Валадыёўскі' (паводле аднайменнага рамана Г.Сянкевіча), прэм'ера якой адбылася ў Львове (1902). Першы паэтычны зборнік 'З вершаў і песень Генрыка Скірмунта' выйшаў у 1898. Перапісваўся з Э.Ажэшка. З 1920 жыў у маёнтку Моладава. Расстраляны савецкімі ўладамі.
Тв.: Poezja. T. 1-2. Warszawa, 1903-12.
Літ.: PSB; ЭГБ, т. 6-1.
СКІРМУНТ Раман Марыян Аляксандравіч [25.4(7.5).1868, в. Парэчча Пінскага пав. Мінскай губ., цяпер Пінскі р-н Брэсцкай вобл. - 7.10.1939], паліт. і грамадскі дзеяч, публіцыст. Скончыў Рыжскую класічную гімназію. Быў адным з кіраўнікоў Мінскага таварыства сельскай гаспадаркі. Імкнуўся стварыць Краёвую партыю Літвы і Беларусі як міжнацыянальны блок польскіх, літоўскіх і бел. партыйных арганізацый. Аўтар прац пра нацыянальнае развіццё беларусаў і літоўцаў. У студз. 1917 узначаліў Мінскі аддзел Беларускага таварыства дапамогі пацярпелым ад вайны. У сак.-ліп. 1917 старшыня Беларускага нацыянальнага камітэта. У 1918 падчас нямецкай акупацыі ўзначаліў 'Менскае беларускае прадстаўніцтва', ад якога ў крас. 1918 увайшоў у Раду БНР. У ліп. 1918 узначальваў Народны сакратарыят Беларусі (урад). У 1919 быў адным з заснавальнікаў Польска-беларускага таварыства ў Варшаве. У 1930 абраны сенатарам Польшчы. Арыштаваны савецкімі спецслужбамі ў вер. 1939. Расстраляны.
Тв.: Nowe hasła w sprawie odrodzenia narodowości litewskiej. Lwów, 1904; Głos przeszłości i potrzeba chwili (Stanowisko szlachty na Litwie i Rusi). Lwów, 1905; Blichtr i blask: Z rozmyślań o Słowackim. Wilno, 1926; У кн.: Беларуская думка ХХ ст.: Філасофія, рэлігія, культура: (Анталогія). Варшава, 1998. С. 179-183.
Літ.: Смалянчук А. Раман Скірмунт: шлях да Беларусі // Спадчына. 1994, ? 4; Рудовіч С. '...Беларускі дзеяч з вялікіх паноў': Эпізоды палітычнай біяграфіі Рамана Скірмунта // Гістарычны альманах. Т. 2. Гродна, 1999; ЭГБ, т. 6-1.
СКРАБЕЦ Пётр [1882, мяст. Любча Навагрудскага пав. Мінскай губ., цяпер Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл. - 1963, Навагрудак], педагог. Скончыў Маладзечанскую настаўніцкую семінарыю, Віленскі педагагічны інстытут, Гандлёвую школу ў Кіеве. Выкладаў у школах, у тым ліку ў Навагрудскай жаночай прагімназіі. З 1920 выкладаў у Навагрудскай беларускай гімназіі фізіку, матэматыку, прыродазнаўства і бел. мову. Выконваў абавязкі дырэктара гімназіі. У гады 2-й сусветнай вайны быў дырэктарам Навагрудскай беларускай настаўніцкай семінарыі. Арыштаваны пасля вайны. 8 гадоў знаходзіўся ў лагерах у Магадане. Пасля вызвалення вярнуўся ў Навагрудак. Пахаваны на 'новых' могілках Навагрудка.
Літ.: Чэмер А. [Анішчык А.] Наваградская Беларуская Гімназія. Вільнюс, 1997.
СКРЫГАН Ян [Янка; Іван Аляксеевіч; псеўданімы: Відук; Ян Відук; Аўлас; Дзед Аўлас (з П.Броўкам); Крушына; Пірат; 3(16).11.1905, в. Труханавічы Слуцкага пав. Мінскай губ., цяпер Капыльскі р-н Мінскай вобл. - 18.9.1992, Мінск], празаік, паэт. Вучыўся ў Слуцкай беларускай гімназіі і сельскагаспадарчым тэхнікуме. У 1924 пачаў працаваць у рэдакцыі слуцкай акруговай газ. 'Вясковы будаўнік'. Літаратурную дзейнасць распачаў у 1924, калі ў газ. 'Вясковы будаўнік' былі апублікаваны яго вершы. У 1925-26 быў загадчыкам Народнага дома ў Расонах. У 1926-27 працаваў у рэдакцыі газ. 'Чырвоная Полаччына'. У 1928 паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага ф-та БДУ. Быў членам літаратурнага аб'яднання 'Маладняк', 'Літаратурна-мастацкай камуны'. Пасля сканчэння ў 1932 ун-та працаваў у рэдакцыі газ. 'Літаратура і мастацтва'. Член СП Беларусі з 1934. Арыштаваны 13.11.1936. Асуджаны на 10 гадоў пазбаўлення волі; высланы ў Кемераўскую вобл. Вызвалены ў 1946 з пяцігадовым паражэннем у правах. Працаваў бухгалтарам у Фергане (1946-48), Эстоніі (1948-49, сланцахімічны камбінат 'Ківіылі', дзе была С. ўстаноўлена мемарыяльная дошка). Вяртацца ў Беларусь было забаронена. Зноў арыштаваны 25.6.1949; высланы ў Сібір. Рэабілітаваны ў снеж. 1954. Вярнуўся ў Мінск. Працаваў рэдактарам мастацкай прозы ў Дзяржвыдавецтве БССР (1955-59), літкансультантам СП Беларусі (1959), рэдактарам аддзела прозы, нам. галоўнага рэдактара час. 'Полымя' (1959-67), загадчыкам літаратурна-кантрольнай рэдакцыі БелСЭ (1967-75), адказным сакратаром Камітэта па Дзяржаўных прэміях БССР у галіне літаратуры, мастацтва, архітэктуры (1975-85). Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі 1976 за ўдзел у стварэнні 'Беларускай Савецкай Энцыклапедыі' ў 12 т. Заслужаны работнік культуры Беларусі (1985). Вылучаўся высокай культурай літаратурнай бел. мовы.
Тв.: Кругі: Выбр. Мн., 1969; Выбр. тв: У 2 т. Мн., 1975; Выбр. тв: У 2 т. Мн., 1985.
Літ.: Андраюк С. Кругі жыцця // Андраюк С. Вывяраючы жыццём. Мн., 1976; Шушкевіч С. Слова пра сябра // Шушкевіч С. Выбр. тв: У 2 т. Мн., 1978. Т. 2.; БП, т. 5; ЭГБ, т. 6-1.
СЛАБАДЗЕЦКІ Антон Лявонцевіч [24.12.1905, в. Старая Гута, цяпер Ушыцкі р-н Камянец-Падольскай вобл., Украіна - пасля 1938, ?], гісторык, публіцыст. Нарадзіўся ў польскай сям'і. З 1932 працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам у Інстытуце гісторыі БелАН. Арыштаваны 9.1.1938. Асобай нарадай 22.2.1938 прыгавораны да 10 гадоў лагераў. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны 12.6.1956.
Лiт.: Возвращенные имена.
СЛАВІН Цодзік Якаўлевіч [1887-1937, ГУЛАГ], музейны работнік. У 1924-37 быў загадчыкам Бабруйскага краязнаўчага музея. Арыштаваны ў 1937 па абвінавачанні ў контррэвалюцыйнай дзейнасці. Загінуў у лагеры.
Літ.: Гужалоўскі А. Музеі Беларусі (1918-1941 гг.). Мн., 2002.
СЛАНЕЎСКІ Ігнат [?, в. Сенна Навагрудскага пав. Мінскай губ., цяпер Навагрудскі р-н Гроѓдзенскай вобл. - 1970, Эйшышкіс, Літва], педагог, гісторык. У 1920-х г. скончыў Навагрудскую беларускую гімназію. Нелегальна перайшоў польска-чэхаславацкую мяжу. Вучыўся на гістарычным ф-це Карлава ун-та (Прага). Вярнуўшыся ў Зах. Беларусь, не мог знайсці працы па спецыяльнасці. У гады 2-й сусветнай вайны школьны інспектар у Карэлічах; арганізоўваў бел. школы. Арыштаваны пасля вайны. У зняволенні знахоѓдзіўся ў Тайшэтлагеры. Пасля вызвалення вярнуўся ў Беларусь. Не знайшоўшы працы, перабраўся ў Літву.
Літ.: Чэмер А. [Анішчык А.] Наваградская Беларуская Гімназія. Вільнюс, 1997.
СЛОСКАНС Баляслаў [19.8.1893, Цілглс Рэжыцкага пав. Віцебскай губ., цяпер Рэзекненскі р-н, Латвія - 18.4.1981, Бельгія], рыма-каталіцкі святар, біскуп, апостальскі адміністратар Мінскі і Магілёўскі, рэлігійны і грамадскі дзеяч. Паходзіў з латышскай каталіцкай сям'і. У 1905-07 вучыўся ў Рэжыцкім гарадскім 3-класным вучылішчы. У 1917 скончыў Магілёўскую духоўную каталіцкую семінарыю (Петраград). Пасвечаны ў святары 21.1.1917. Быў прызначаны вікарыем пры касцёле св. Кацярыны ў Петраградзе. Выконваў святарскія абавязкі ў Абрамавай пустэльні ў Лужскім пав. Петраградскай губ. Кароткі час служыў у Віцебѓску. У 1925 пераведзены ў Ленінград. У маі 1926 у Маскве ўзведзены ў сан біскупа; прызначаны апостальскім адміністратарам Мінскім і Магілёўскім. Арыштаваны АДПУ СССР 16.9.1926. На працягу 1926-30 знаходзіўся ў лагеры на Салаўках. Пасля вызвалення вярнуўся ў Магілёў. Зноў арыштаваны ДПУ БССР 9.11.1930. Да студз. 1933 знахоѓдзіўся ў сібірскай ссылцы. Вызвалены ў выніку абмену палітвязнямі паміж Латвіяй і СССР. Жыў у Латвіі, служыў духоўнікам у Рыжскай духоўнай каталіцкай семінарыі, выкладаў на тэалагічным ф-це Рыжскага ун-та. З 1944 у эміграцыі. Духоўна апекаваўся бел. студэнцкім асяродкам у каталіцкім ун-це Лювена (Бельгія); дапамагаў там бел. кампазітару Міколе Равенскаму. У 1952 прызначаны Ватыканам апостальскім візітатарам для беларусаў-католікаў у Зах. Еўропе. Аказваў матэрыяльную падтрымку бел. рэлігійным перыядычным выданням - 'Źnič' (Рым), 'Божым шляхам' (Парыж-Лондан) і інш.
Літ.: Гарбінскі БРД.
CЛУЧАНІН Лявон [сапр.: Шпакоўскі Лявонцій Раманавіч; 3(16).10.1914, в. Лучнікі Слуцкага пав. Мінскай губ., цяпер Слуцкі р-н Мінскай вобл. - 25.10.1995, Салігорск], паэт. У 1929 паступіў у Слуцкі педтэхнікум. Пад уплывам мастацтва У.Галубка і яго артыстычнай трупы паступіў у Мінскі тэатральны тэхнікум. Як сын серадняка быў залічаны без стыпендыі, што прымусіла вярнуцца ў педтэхнікум. З трэцяга курса паступіў на літаратурны ф-т МВПІ, дзе вучыўся ў 1932-36. Пасля атрымання дыплома накіраваны выкладчыкам рускай мовы і літаратуры. ў Чэрыкаў Магілёўѓскай вобл. Пачаў друкавацца з 1936. У 1937 арыштаваны ў Чэрыкаве. Прыгавораны да 10 гадоў паѓзбаўлення волі; накіраваны на Беламорканал. У 1939 датэрмінова вызвалены. Вярнуўся ў в. Лучнікі. Уладкаваўся ў Слуцку ў сярэднюю школу выкладчыкам бел. мовы і літаратуры. З 1940 выкладаў у Слуцкім педтэхнікуме. У часы нямецкай акупацыі працаваў дырэктарам Лучнікоўскай школы (1941-43), школьным інспектарам на Случчыне (1943-44). Адначасова супрацоўнічаў у акруговай 'Газэце Случчыны'; друкаваўся ў 'Беларускай газэце' (Мінск), 'Голасе вёскі' (Мінск), 'Раніцы' (Берлін) і час. 'Новая дарога' (Беласток). Вершы, напісаныя ў 1942-43, апублікаваў у 1943 у калектыўным зборніку 'Песняры Случчыны'. Пры адступленні немцаў выехаў з сям'ёй у Германію. Працаваў карэспандэнтам у час. 'Малады змагар', які выдаваў Саюз беларускай моладзі (1944-45). Вясной 1945 трапіў у амерыканскую акупацыйную зону. Вярнуўся ў родную вёску, дзе быў арыштаваны. Асуджаны на 15 гадоў пазбаўлення волі і 5 гадоў пазбаўлення правоў. Адбываў пакаранне на Поўначы. Потым тэрмін быў зменшаны да 10 гадоў зняволення. Пасля вызвалення да 1973 жыў у Варкуце, потым вярнуўся на Радзіму і жыў у Салігорску. Член СП Беларусі з 1993.
Літ.: Бяляцкі А. [Пасляслоўе] // Спадчына. 1991, ? 1; БП, т. 5. Савік Л. 'Нашу радасць у гразь утапталі...' ЛіМ, 1992, 10 ліп.; Савік Л. 'Прыйдзе мой дзень...' Голас Радзімы, 1994, 6 кастр.
СМОЛІЧ Аркадзь Антонавіч [17(29).9.1891, в. Бацэвічы Бабруйскага пав. Мінскай губ., цяпер Клічаўскі р-н Магілёўскай вобл. - 17.6.1938, Омск, НКВД], дзеяч бел. нацыянальнага руху, географ, публіцыст. У 1905 скончыў Мінскую духоўную семінарыю; у 1916 Нова-Александрыйскі інстытут сельскай гаспадаркі і лесаводства ў Пулавах (Польшча). Вучыўся ў Кіеўскім політэхнічным інстытуце. З 1910 член БСГ. Актыўны ўдзельнік клуба 'Беларуская хатка' ў Мінску. У 1917 рэдагаваў газ. 'Грамада'. Народны сакратар асветы ў 1-м урадзе БНР. У 1918-22 знаходзіўся ў Гродне і Вільні. У 1919 у Вільні выдаў 'Геаграфію Беларусі' - кнігу, разлічаную на шырокага чытача. Вярнуўся ў Мінск у жн. 1922. Працаваў загадчыкам планава-эканамічнага аддзела Наркамата земляробства. Адначасова з 1923 дацэнт, прафесар (1927) і загадчык кафедры ў БДУ. З 1925 нам. старшыні Інбелкульта, кіраўнік сельскагаспадарчай секцыі і камісіі па раянаванні БССР. У 1928 абраны правадзейным членам Расійскага геаграфічнага таварыства, узнаѓгароджаны ім малым залатым медалём. Арыштаваны 26.6.1930 па справе 'Саюза вызвалення Беларусі'. Паводле пастановы калегіі АДПУ СССР ад 10.4.1931 сасланы на 5 гадоў у Осу Пермскай вобл., потым у Ішым Цюменскай вобл. Вызвалены ў жн. 1935. Зноў арыштаваны 17.6.1937. Паводле рашэння тройкі УНКВД па Омскай вобл. прыгавораны да расстрэлу. Па 1-м прыгаворы рэабілітаваны 10.6.1988, па 2-м - 9.2.1957.
Тв.: Арганізацыя сялянскай гаспадаркі ў раёнах Цэнтральнай Беларусі. Мн., 1927; Размяшчэнне насельніцтва на тэрыторыі Беларускай ССР. Мн., 1929; Геаграфія Беларусі / 4-е выд. Мн., 1995.
Літ.: Кароль А., Міхнюк У. Аркадзь Смоліч: паказанні на допытах // Голас Радзімы. 1992, 20 лют. - 19 сак.; Макарэвіч А., Міхнюк У. 'Каб Беларусь перастала быць краем, невядомым для саміх беларусаў': (Публікацыя архіўных матэрыялаў) // Полацак. 1993, ?? 8-10; 1994, ?? 1-8; 1995, ?? 1-8; Мяснікоў А. 'Беларус - грамадзянін будучыні...': (Лёс і трагедыя Аркадзя Смоліча) // Маладосць. 1994, ? 7; Ліс А. Цяжкая дарога свабоды. Мн., 1994; Болатаў А., Рыѓдзеўскі Г. Ахвяруючы сябе бацькаўшчыне. Аркадзь Смоліч. Мн., 1999; Возвращенные имена; ЭГБ, т. 6-1.
СНЕЖКА (Белы) Дзмітрый Сямёнавіч [24.9.1903, Орша Магілёўскай губ., цяпер Віцебскай вобл. - ?], журналіст. На момант арышту працаваў інспектарам у ЦСПСБ. Арыштаваны 5.2.1936. 7.5.1936 асуджаны на 3 гады пазбаўлення волі. Далейшы лёс невядомы. Рэабілітаваны 20.3.1990.
Кр.: НАРБ, ІКР.
Літ.: Маракоў Л. Вынішчэнне, або Пяць хваляў арыштаў беларускіх літаратараў // ЛіМ. 1999, 10 снеж.
СОКАЛ-КУТЫЛОЎСКІ Антон Андрэевіч [7.2.1892, хутар Чырвоная Горка Пінскага пав. Мінскай губ., цяпер Лунінецкі р-н Брэсцкай вобл. - 7.3.1983, Шчэцін, Польшча], грамадскі і ваенны дзеяч, мемуарыст. У 1910 скончыў Панявежскую настаўніцкую семінарыю. Настаўнічаў у школах Літвы. У 1913-15 вучыўся на Петраградскіх політэхнічных курсах. З 1915 у арміі. Скончыў Казанскае ваеннае вучылішча. Накіраваны прапаршчыкам на фронт. Ваяваў у Галіцыі і пад Вільняй. Капітан. З 1917 жыў на сваім хутары. У жн. 1918 выехаў у Растоў-на-Доне; уступіў у армію генерала Дзянікіна. Потым вярнуўся дадому, быў прызваны ў Чырвоную Армію, адкуль уцёк і перайшоў у армію генерала Юдзеніча, якая дзейнічала ў Эстоніі. Летам 1920 вярнуўся ў Беларусь. У снеж. 1920 узначаліў Слуцкую брыгаду. Пасля падаўлення паўстання разам з брыгадай перайшоў савецка-польскую мяжу і да мая 1921 быў інтэрнаваны. У 1921-39 быў праваслаўным святаром, настаўнічаў. Арыштаваны 19.6.1941 у Нямеччыне. Здолеў вызваліцца пасля пачатку вайны. З кастр. 1941 да ліп. 1944 працаваў школьным інспектарам у Ганцавічах, удзельнік нацыянальнага падполля. Падпалкоўнік Бел. краёвай абароны. Арыштаваны 30.4.1945. Да ліст. 1947 знаходзіўся ў Паўночнапячэрскім лагеры. 20.4.1948 Ваенным трыбуналам войск МУС БВА асуѓджаны на 25 гадоў турмы. Вызвалены ў ліст. 1957 па амністыі. Апошнія гады правёў у Шчэціне. Напісаў успаміны пра Слуцкае паўстанне 1920.
Літ.: Грынь А., Міхнюк У. Следству вядома...: (Па старонках справы А. Сокал-Кутылоўскага з архіва КДБ) // Полымя. 1994, ? 11; Як судзілі Антона Сокал-Кутылоўскага: Жыцьцярыс... Берасьце, 2000; ЭГБ, т. 6-1.
СОЛТАН Станіслаў [1746 (паводле іншых звестак 27.8.1756) - 1836, Мітава, Курляндская губ., цяпер Елгава, Латвія], дзяржаўны і ваенны дзеяч. У ВКЛ быў генералам-ад'ютантам польнай булавы, з 1782 харунжы ВКЛ, з 1790 падкаморы, з 1791 маршалак надворны, стараста слонімскі. Удзельѓнічаў у паўстанні 1794. Пасля падаўлення паўстання сасланы ў Казань. Вызвалены Паўлам І. У 1806-07 сумесна з Ф.Патоцкім рыхтаваў антыцарскае паўстанне. У 1808 выехаў у Варшаўскае герцагства. 1.7.1812 указам Напалеона прызначаны старшынёй Часовага ўрада ВКЛ. С. праявіў вялікую энергію ў арганізацыі кіравання краем, наладжванні харчавання французскай арміі, стварэнні войска ВКЛ. Рэдагаваў адозвы ўрада з заѓклікам да свабоды. З адступленнем французскіх войск з Вільні эміграваў за мяжу. Вярнуўся ў Расію пасля царскага маніфеста 30.8.1814.
Літ.: Iwaszkiewicz J. Litwa w roku 1812. Kraków-Warszawa, 1912; Kukiel M. Wojna 1812 roku. Kraków, 1937. T. 1-2; PSB; ЭГБ, т. 6-1.
СТАНКЕВІЧ Адам Вікенцьевіч [псеўданімы: А.Сакалінскі; Соколинский; крыптанімы: А.С.; А.Ст.; Ад.С.; Ад.Ст-іч; 24.12.1891(6.1.1892), в. Арляняты Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл. - 29.12.1949, Тайшэт Іркуцкай вобл., ГУЛАГ], рыма-каталіцкі святар, гісторык, публіцыст, літаратуразнавец, асветнік, выдавец. Cкончыў Віленскую духоўную семінарыю; у 1914-18 вучыўся ў Мітрапалітальнай рыма-каталіцкай духоўнай акадэміі ў Петраграѓдзе; кандыдат кананічнага права. Пасвечаны ў святары 28.12.1914. Адзін з першых ужыў бел. мову ў богаслужэнні. З 1919 выкладаў рэлігію ў Віленѓскай беларускай гімназіі. У жн. 1919 - вер. 1922 рэдактар-выдавец газ. 'Крыніца' ('Беларуская крыніца'). Адзін з заснавальнікаў партыі Беларуская хрысціянская дэмакратыя. У 1922-28 дэпутат польскага сейма, нам. старшыні Беларускага пасольскага клуба (да яго расколу ў 1925). У 1924-26 узначальваў ТБШ. У 1927-38 рэдактар і выдавец час. 'Хрысціянская думка'. У 1938 высланы польскімі ўладамі з Вільні ў Слонім на 5 гадоў. Восенню 1939 вярнуўся ў Вільню. У час вайны абмяжоўваўся душпастырскай дзейнасцю, быў святаром касцёла св. Міхала. Арыштаваны савецкімі ўладамі 7.12.1944; неўзабаве адпушчаны. Паўторна арыштаваны 13.4.1949. Асобай нарадай МДБ СССР 31.8.1949 прыгавораны да 25 гадоў лагераў. Адпраўлены ў Азярлаг, дзе і памёр. Пахаваны 10.12.1949 на могілках Азярлага каля в. Шаўчэнкі Тайшэцкага р-на, магіла ? 3-43.
Тв.: Doktor Francišak Skaryna - pieršy drukar biełaruski (1525-1925). Wilnia, 1925; Biełaruskaja mowa u škołach Biełarusi XVI i XVII st. Wilnia, 1928; Rodnaja mowa u światyniach. Wilnia, 1929; Вітаўт Вялікі і Беларусы. Вільня, 1930; Franciš Bahušewič: Jaho žyćcio i tworčaść: U tryccatyja uhodki (1900-1930). Wilnia, 1930; Да гісторыі беларускага палітычнага вызвалення. Вільня, 1935; Міхал Забэйда-Суміцкі і беларуская народная песня. Вільня, 1938; Biełaruski chryścijanski ruch. Wilnia, 1939; Хрысціянства і Беларускі народ. Вільня, 1940.
Літ.: Ксёндз Адам Станкевіч: У 25-я ўгодкі свяшчэнства і беларускай нацыянальнай дзейнасці (10.1.1915 - 10.1.1940). Вільня, 1940; БП, т. 5; Гарбінскі БРД; ЭГБ, т. 6-1.
СТАНКЕВІЧ Станіслаў Лявонавіч [1886, в. Арляняты Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл. - 3.2.1964, Вільня], паэт, выдавец. У 1903-19 жыў у Пецярбургу, працаваў у аптэках. З 1920 у Вільні. Супрацоўнічаў з Беларускім выдавецкім таварыствам. У 1926 адкрыў уласную бел. кнігарню. Разам з З.Верас выдаваў бел. адрыўныя календары. Публікаваўся ў перыядычным друку. З'яўляецца аўтарам паэтычных зборнікаў 'Смех - не грэх' (1926), 'З майго ваконца' (1928). Арыштаваны НКДБ 30.10.1945; асуджаны на 10 гадоў высылкі ў Пермскую вобл. Вярнуўся ў Вільнюс у 1954. Рэабілітаваны ў 1957. Напісаў аўтабіяграфічную паэму 'Лявонава доля'.
Літ.: Трацяк Я. 'Аб якім тут Станкевічу гутарка?..' // ЛіМ. 1997, 29 жн.; Русак М. Справа ? 528 // Рунь. 1999, 13 снеж.; Яе ж. Лявонава доля. Вільня, 2000; ЭГБ, т. 6-1.
СТАНКЕВІЧ Ян (Янка) [псеўданімы: Брачыѓслаў Скарыніч; Янучонак; крыптанімы: Бр.Ск...іч; Бр.Ск.; С.Я.; Я.Ст.; Я.С.; Я.Ст-ч; I.S.; J.St-и; 26.11.1891, в. Арляняты Ашмянскага пав. Віленскай губ., цяпер Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл. - 16.7.1976, Хэўтгопн, ЗША], мовазнавец, перакладчык, грамадскі і культурны дзеяч. У 1909 скончыў Ашмянскае гарадское вучылішча. Вучыўся ў Віленскай каталіцкай духоўнай семінарыі. Працаваў у газ. 'Наша ніва'. У 1914 мабілізаваны ў войска. У 1917 на Румынскім фронце трапіў у аўстрыйскі палон. Пасля вызвалення вярнуўся ў Вільню. У 1918 пераехаў у Мінск. У 1920 арганізаваў бел. настаўніцкія курсы ў Слуцку, у 1920-21 арганізоўваў бел. школьніцтва ў Ашмянскім і Вілейскім паветах. У 1921 скончыў у Вільні Беларускую гімназію; у 1926 - Карлавы ун-т (Прага). Доктар славянскай філалогіі і гісторыі. У 1926 вярнуўся ў Вільню. Выкладаў бел. мову ў розных навучальных установах. У 1928 абраны дэпутатам польскага сейма ад Лідскай акругі. Стваральнік Бел. народнай партыі. У 1930-31 выдаваў у Вільні першы бел. мовазнаўчы час. 'Родная мова'. Арыштаваны польскімі ўладамі ў 1939, трапіў у турму на Лукішках. У час вайны жыў у Мінску, Вільні, Варшаве, Празе; займаўся выдавецкай дзейнасцю, працаваў у БНС. Ад імя падпольнай Арганізацыі бел. нацыяналістаў (пазней - Бел. нацыянальна-дэмакратычнага аб'яднання) кантактаваў з польскім падполлем. З 1944 - у Германіі. Заснавальнік 'Крывіцкага (Беларускага) таварыства Пранціша Скарыны'. Прыхільнік 'крывіцкай канцэпцыі' этнагенезу беларусаў. У 1949 пераехаў у ЗША. Заснавальнік Вялікалітоўскага фонду імя Л.Сапегі. Пахаваны ў Саўт-Рыверы, штат Нью-Джэрсі.
Тв.: Месца беларускага языка сярод іншых славянскіх языкоў і час яго ўзьніку. Вільня, 1930; Беларускія мусульмане і беларуская літаратура арабскім пісьмом. Вільня, 1933 (3 выд. Мн., 1991); Крыўя - Беларусь у мінуласці. Мн., 1942; Белорусско-русский (Великолитовский-русский) словарь - Беларуска-расійскі (Вялікалітоўскі-расійскі) слоўнік. Нью-Йорк [1991]; Творы. Т. 1-2. Мн., 2002.
Літ.: Прокша Л. З неапублікаваных твораў доктара Станкевіча // Голас Радзімы. 1963, ? 80; Станкевіч В. Бацькава Адысея // Скарыніч. Мн., 1993. Вып. 2; БП, т. 6; ЭГБ, т. 6-1.
СТАЦКЕВІЧ Фелікс Іванавіч [псеўданім: Аганёк; 2(14).12.1879, мяст. Шчучын Лідскага пав. Віленскай губ., цяпер Шчучынскі р-н Гродзенскай вобл. - 21.6.1967, Вільнюс], выдавец, мемуарыст, педагог, юрыст. У 1891-1900 вучыўся ў гімназіі ў Пецярбургу. У 1900 паступіў на юрыдычны ф-т Пецярбургскага ун-та. За ўдзел у студэнцкім руху і дэманстрацыях у лют. і сак. 1901 выключаны з ун-та. Арыштаваны і высланы на радзіму пад нагляд паліцыі. Займаўся прыватнай настаўніцкай працай. У 1902 працаваў у прыватнай натарыяльнай канторы ў Марыупалі. У 1903 уступіў у Беларускую сацыялістычную грамаду. У 1903-05 працаваў на Прыладажскіх каналах. У 1905 вучыўся ў Кракаве на наборшчыка. У рэвалюцыю 1905-07 вёў рэвалюцыйную прапаганду ў Вільні і Мінску, наладзіў выпуск пракламацый. У сак. 1906 арганізаваў падпольную друкарню ў Мінску, якая праіснавала да жн. 1907 пад назвай 'Аганёк' (адсюль і псеўданім С.). Быў блізка знаёмы з А.Пашкевіч (Цёткай) і А.Бурбісам. З 1908 сакратар адвакатаў Шабуні і Дземідовіча ў Ігумене (Чэрвень), тэхнік у Ноўгарадзе, Вышнім Валачку (1913), Цвяры (1913-1919). У 1913 скончыў Пецярбургскі ун-т. Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі працаваў у прафсаюзах. У 1919-20 супрацоўнік выдавецкага адѓдзела Наркамата асветы Літоўска-Беларускай ССР. У 1920-23 супрацоўнік Віленскага беларускага саюза кааператываў. У 1923 выкладчык лацінскай мовы і дырэктар Радашковіцкай беларускай гімназіі імя Ф.Скарыны. З 1928 старшыня Галоўнай управы ТБШ. Адначасова працаваў у Савеце адвакатаў пры Віленскім апеляцыйным судзе. Абвінавачваўся ў 'скамунізаванні' ТБШ, у 1930 і 1933 арыштоўваўся. Рэдактар-выдавец штомесячніка 'Летапіс Таварыства беларускай школы' (1933), супраць якога польскія ўлады разгарнулі рэпрэсіі. У 1936 выданне было ўзноўлена пад назвай 'Беларускі летапіс'. Удзельнік антыфашысцкага Народнага фронту Зах. Беларусі. У 1939-41 настаўнік у Вілейцы і Клецкім р-не. У 2-ю сусветную вайну працаваў суддзёй у Смаргоні. У 1944-49 супрацоўнік Беларускага музея ў Вільні і Музея А.С.Пушкіна ў Маркучай (пад Вільняй). Арыштаваны і зняволены ў 1949. Пасля вызвалення ў 1950-х г. жыў у Вільні. Быў актывістам руху эсперантыстаў, склаў 'Эсперанта-беларускі слоўнік' (рукапіс у Інстытуце мовазнаўства НАН Беларусі), пераѓклаў на мову эсперанта кнігу Л.Петражыцкага 'Тэорыя права і маральнасць' (публікацыя не выяўлена). Напісаў успаміны пра ўдзел у грамадскіх рухах першай паловы ХХ ст. (рукапіс захоўваецца ў БДАМЛіМ).
Тв.: Успаміны і думкі // Беларускі звон. 1921, 17 крас.; З мінуўшчыны беларускага руху // Беларускі летапіс. 1937, ? 6-9; З маіх успамінаў // ЛіМ. 1990, 17 жн.
Літ.: Клейн Б. Открытая книга бытия... // Неман. 1979, ? 9; БП, т. 5; ЭГБ, т. 6-1.
СТАШЭЎСКІ Васіль Пятровіч [Базыль Сташэўскі; крыптанімы: В.С.; В.Ст.; 11(23).3.1895, в. Свінка Слуцкага пав. Мінскай губ., цяпер в. Лугавая Капыльскага р-на Мінскай вобл. - 29.10.1937, Мінск, НКВД], празаік, драматург, педагог. У 1914 скончыў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Ваяваў у 1-ю сусветную вайну і ў час грамадзянскай вайны ў Расіі. У 1918-20 і ў 1923 настаўнічаў. У 1920-21 служыў ваенкамам. У 1920 удзельнік антыпольскага руху на Случчыне. Уваходзіў у арганізацыю 'Маладая Беларусь', партыю беларускіх эсэраў (БПС-Р), са студз. 1920 член Беларускай камуністычнай арганізацыі, са жн. член КП(б)Б. За пратэсты супраць арышту членаў БПС-Р выключаны ў маі 1921 з КП(б)Б. Публікавацца пачаў у 1923. У 1924 скончыў Мінскі настаўніцкі інстытут. Выкладаў гісторыю і літаратуру на настаўніцкіх курсах і на рабфаку ў Оршы. Першую п'есу апублікаваў у 1926. З 1926 жыў у Мінску. Адказны сакратар літаратурнага аб'яднання 'Маладняк'. У 1928-29 працаваў у рэдакцыі газ. 'Савецкая Беларусь'. З 1929 адказны сакратар літаратурнага аб'яднання 'Полымя'. Член СП Беларусі з 1934. У 1936 Беларускі тэатр юнага гледача паставіў яго п'есу 'Мікола Гоман'. Арыштаваны 4.11.1936. Расстраляны. Рэабілітаваны 8.6.1957.
Тв.: Бацька і сын; У цемры: П'есы. Мн., 1927; Беспрытульная: П'еска (у 1 дзеі). Мн., 1927; Архангелы з крэсаў: П'еса. Мн., 1930; Прысяга ў лесе: Шэсць сцэн з 1919-1920 гг. Мн., 1930; Шуміць Бярэзінка: Аповесці, апавяданні, нарысы. Мн., 1963.
Літ.: Александровіч С. Жывыя старонкі часу // Полымя. 1963, ? 12; Сабалеўскі А. Васіль Сташэўскі // Хрэстаматыя па гісторыі беларускага тэатра і драматургіі. Т. 2. Мн., 1975; Шушкевіч С. Талент грамадскага гучання // ЛіМ. 1975, 28 сак.; БП, т. 5; ЭГБ, т. 6-1.
СТУКАЛІЧ Уладзімір Казіміравіч [псеўданім: Веневич; крыптанім: В.С.; 28.10(9.11).1856, Екабштат Курляндскай губ., цяпер Екабпілс, Латвія - 18.10.1918, Віцебск], літаратуразнавец, гісторык, юрыст. Паходзіў са шляхецкай сям'і. Адразу пасля нараджэння С. яго бацькі пераехалі ў Віцебск. У 1867-79 вучыўся ў Віцебскай гімназіі; у 1879-83 на адміністрацыйным аддзяленні юрыдычнага ф-та Пецярбургскага ун-та. Пасля сканчэння ун-та пачаў займацца літаратурнай дзейнасцю. Актыўна друкаваў гісторыка-літаратурныя матэрыялы ў газ. 'Русский курьер'. Працаваў над дысертацыяй 'Юрыдычнае становішча гарадской абѓшчыны ў Заходняй Русі'. Займаўся адвакацкай практыкай. Падтрымліваў сувязі з народнікамі. Арыштаваны ў студз. 1889; 4 месяцы правёў у зняволенні; з-за слабога здароўя адпушчаны пад нагляд паліцыі. У лют. 1891 да С. ў Віцебск прыязѓджаў рускі пісьменнік Г.Успенскі, з якім С. перапісваўся з 1886. У 1891 выйшла кніга С. 'Беларусь і Літва', якая вытрымала яшчэ 2 выданні. Даследаваў аўтарства паэмы 'Тарас на Парнасе'. Член Віцебскай вучонай архіўнай камісіі. Выступаў за адкрыццё ў Віцебску ун-та. У 1893 пазнаёміўся з мастаком І.Рэпіным. Даследаваў творчасць М.Нікіфароўскага і А.Сапунова (прысвяціў ім асобныя кнігі). У 1898 пакінуў адвакацкую практыку і перайшоў у казённую палату. На працягу 3 гадоў жыў у Слоніме і Гродне; потым вярнуўся ў Віцебск.
Тв.: Белоруссия и Литва: Очерки из истории городов в Белоруссии. Витебск, 1891 (1893, 1894); Мальцевские заводы. Витебск, 1894; Краткая заметка о белорусском наречии. Витебск, 1895; Н.Я.Никифоровский: Странички из недавней старины города Витебска. Витебск, 1900; М.Ковалевский: Экономический строй России. Витебск, 1901; К вопросу об устройстве университета в Витебске. Витебск, 1903; А.П.Сапунов: К 25-летию его ученой и литературной деятельности. Витебск, 1905; Н.Я.Никифоровский: 1845-1910 годы. Витебск, 1910.
Літ.: Падліпскі А. Летапісец Віцебшчыны. Мн., 1993; БП, т. 5; ЭГБ, т. 6-1.
СТЭФАНОВІЧ Аляксандр Піліпавіч [1905, Ашмяны - ?], журналіст. За членства ў БСРГ арыштаваны польскімі ўладамі ў 1927. У 1928 арганізаваў пастаноўку 'Паўлінкі' Я.Купалы ў мяст. Гальшаны Ашмянскага пав., у якой выконваў ролю А.Быкоўскага. Перабраўся ў БССР. У 1933 працаваў рэдактарам газ. 'Бальшавік Барысаўшчыны'. Часта сустракаўся з Я.Купалам, які бываў у яго ў гасцях у Барысаве. Арыштаваны НКВД 30.10.1935; зняволены. Пасля вайны пасяліўся ў Вільні. Аўтар артыкулаў пра Я.Купалу: 'Палымяны пясняр дружбы народаў' ('Красное знамя', Ашмяны, 7-9.7.1977); 'Пад уплывам песняра зямлі беларускай' ('Успаміны пра Янку Купалу', 1982). Заслужаны работнік культурна-асветнай работы Літоўскай ССР.
Тв.: Stefanowicz A. Moje spotkanie z poetą; Polskie wiersze // Czerwony Sztandar. 1982. 17, 21 kwiet.
Літ.: Цвірка К. Стэфановіч Аляксандр // Янка Купала: Энцыкл. даведнік. Мн., 1986.
СУБАЧ Ян [Іван Сямёнавіч; 1912, в. Субачы Ваўкавыскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Ваўкавыскі р-н Гродзенскай вобл. - 1938 ?, ГУЛАГ ?], паэт. Разам з бацькамі апынуўся на тэрыторыі БССР, нелегальна перайшоўшы мяжу. Першыя публікацыі пачалі з'яўляцца ў 1929 (газ. 'Чырвоная змена'). Пасля сканчэння школы з 1930 працаваў грузчыкам на кандытарскай фабрыцы 'Камунарка'. З 1932 быў членам Цэнтральнай літаратурнай студыі для маладых пісьменнікаў пры БелѓАПП. З вясны 1932 працаваў у аршанскай міжраённай газеце. У кастр. 1932 паехаў да П.Пруднікава ў Ленінград. З прычыны ад'езду з 1932 знікаюць публікацыі С. ў перыядычным друку. Уладкаваўся на працу грузчыкам у гандлёвым порце. З 1933 вучыўся на падрыхтоўчых курсах, потым на філалагічным ф-це Ленінградскага педінстытута імя А.Герцэна. У 1937 скончыў інстытут. Арыштаваны ў жн. 1937. Верагодна, памёр у лагеры.
СУЗІН Адам [30.12.1799 (10.1.1800), маёнтак Кулігоўшчына Кобрынскага пав. Гродзенскай губ, цяпер Кобрынскі р-н Брэсцкай вобл. - 29.11(11.12).1879, Варшава], удзельнік вызваленчага руху, публіцыст, падарожнік. У 1819 скончыў Гродзенскую гімназію. У 1819-23 вучыўся ў Віленскім ун-це; магістр філасофіі. Быў сакратаром тайнага зялёнага (матэматычнага) саюза філаматаў. Арыштаваны па справе філаматаў вясной 1823. 14.8.1824 прыгавораны да ссылкі ў Арэнбургѓскую губ. Знаходзіўся пад наглядам паліцыі. У сак. 1829 атрымаў дазвол пераехаць у Арэнбург. Пасяліўся разам з Т.Занам. Служыў у Арэнбургскай памежнай камісіі. Арыштаваны восенню 1833 разам з Т.Занам, Я.Віткевічам і В.Івашкевічам; абвінавачаны ў падрыхтоўцы захопу Арэнбурга з дапамогай салдат, сярод якіх было шмат высланых. З-за адсутнасці доказаў арыштаваныя былі вызвалены праз месяц. З дыпламатычнымі даручэннямі выязджаў да казахскага султана Бай-Мухамеда. У 1871 апублікаваў успаміны пра свае падарожжы ў варшаўскім час. 'Kronika Rodzinna'. З 1837 жыў на Валыні ў маёнтку Млынаў у свайго сябра графа К.Хадкевіча. Арыштаваны 20.7.1838 па справе падпольнай арганізацыі 'Саюз польскага народа' Ш.Канарскага. Быў перавезены ў следчую камісію ў Вільні. З-за адсутнасці доказаў выѓсланы ў Кіеў пад нагляд паліцыі. Да лют. 1839 быў зняволены ў Кіеўскім астрозе. У 1841 вярнуўся ў Вільню. Потым перасяліўся ў Варшаву.
Літ.: Грицкевич В.П. От Немана к берегам Тихого океана. Мн., 1986; ЭГБ, т. 6-1.
СУКАЛА Іосіф Пятровіч [1901, в. Гулевічы Бабруйскага пав. Мінскай губ., цяпер Бабруйскі р-н Магілёўскай вобл. - 23.9.1937, Мінск, НКВД], паэт, настаўнік. Арыштаваны 30.5.1929. 10.11.1929 асуджаны на 3 гады высылкі. Пакаранне адбываў у Кемі (Расія). Вызвалены 23.3.1932. Паўторна арыштаваны ў 1936 або ў 1937. Расстраляны разам з празаікам А.Траецкім. Рэабілітаваны 2.3.1992.
Кр.: НАРБ, ІКР.
СУПІНСКІ А.К., этнограф, археолаг. Даты нараджэння і смерці невядомы. У 1920-я г. працаваў у Ленінградзе, дзе разам з А.Сержпутоўскім папаўняў фонды этнаграфічнага аддзела Беларусі ў Рускім музеі. Праводзіў археалагічныя раскопкі на Віцебшчыне. Арыштаваны ў 1937. Памёр у зняволенні ў Архангельскай вобл.
Тв.: Магільнік каля в. Лятох // Віцебшчына. Віцебск, 1925. Т. 1; Белорусы. Л., 1930.
Літ.: Вяргей В.С. Археалагічная навука ў Беларускай ССР 1919-1941 гг. Мн., 1992; Інстытут беларускай культуры. Мн., 1993.
СУПРУН Васіль Рыгоравіч [нар. 10.3.1926, в. Глоўсевiчы Слонімскага пав. Навагрудскага ваяв., цяпер Слонiмскі р-н Гродзенскай вобл.], паэт, краязнавец, археолаг. Скончыў тры курсы Слонiмскай настаўнiцкай семiнарыi (1944). З 1944 да 1947 працаваў дырэктарам i настаўнiкам у школах вёсак Мiжэвiчы i Глоўсевiчы Слонiмскага р-на. У маі 1946 разам з сябрамi М.Ракевiчам, М.Чыгрынам, А.Гардзейкам i iншымі стварыў у Слонiме бел. патрыятычную падпольную групу 'Чайка'. Арыштаваны 6.6.1947. Амаль паўгода знаходзіўся ў баранавiцкай следчай турме 'Крывое кола' i мінскай 'амерыканцы'. 21.11.1947 Ваенны трыбунал войскаў МУС Беларускай акругi ў Мінску паводле артыкулаў 63-1 i 76 КК БССР (здрада радзiме i антысавецкая агiтацыя) асудзiў С. на 25 гадоў пазбаўлення волi i 5 гадоў паражэння ў правах з канфiскацыяй маёмасцi. Пакаранне адбываў у лагерах Iнты i Варкуты. У зняволенні падтрымлiваў тайную мiжлагерную перапiску з паэтэсай Л.Генiюш. Вызвалены паводле рашэння Камiсii Вярхоўнага Савета СССР ад 16.6.1956 са зняццём судзiмасцi i з дазволам вярнуцца ў Беларусь. У Слонiм вярнуўся ў снеж. 1956, дзе адразу быў узяты на спецулiк з забаронай працаваць па спецыяльнасцi. Вымушаны быў пакiнуць Слонім; працаваў будаўніком. З 1963 праводзіў даследаванні археалагічных помнікаў. З 1968 навуковы супрацоўнiк Брэсцкага абл. краязнаўчага музея. У 1969 скончыў гістарычны ф-т Мінскага педагагічнага інстытута. Нягледзячы на перашкоды, у канцы 1980-х г. здолеў прабіцца ў друк са сваёй палiтычнай паэзiяй. На пенсii з 1986. Член СП Беларусі з 1995. Жыве ў Слонiме. Не рэабілітаваны.
Тв.: Крык: Вершы. Мн., 1993; Рэха абуджаных дзён: Вершы. Мн., 1994; За смугою часу: Даследаваннi i меркаваннi. Мн., 1994; Незабыўныя 'ксiвы': Вершы з падпольнай канцлагернай перапiскi з Ларысай Генiюш. Гродна, 1998; Жыць для Беларусi: Вершы. Мн., 1998. Дзеі над Шчарай (з гісторыі зямлі Слонімскай). Слонім, 2000.
Лiт.: Усё застаецца людзям // Беларуская мiнуўшчына. 1997, ? 4; Археалогія і нумізматыка Беларусі; Антысавецкія рухі.
СУРЫН Феліцыян [каля 1840, Магілёўшчына - пасля 1888, Магілёўшчына], пісьменнік, мемуарыст, краязнавец, фалькларыст. Пісаў на польскай мове. Супрацоўнічаў з час. 'Tygodnik illustrowany'. Збіраў бел. народныя песні, паданні і прыказкі. Лічыў, што прыказкі - 'найбольшае багацце твораў фантазіі беларускага народа', бо яны маюць глыбокі змест, выразны і арыгінальны досціп, наіўную форму і глыбокія максімы. Удзельнік паўстання 1863 у Горках. Быў арыштаваны. Аўтар артыкулаў 'Экскурсія па берагах Бярэзіны' (1863), 'Лісты з Беларусі' (1878) і інш. Супрацоўнічаў з рэдакцыяй 'Геаѓграфічнага слоўніка'.
Літ.: Olechnowicz M. Polscy badacze folkloru i języka białoruskiego w XIX wieku. Łódź, 1986. S. 140 - 141; Słownik geograficzny Królewstwa Polskiego i innych krajów słowiańskich. Warszawa, 1887. T. VIII.
СУШЫНСКІ Язэп Францавіч [май 1885, в. Юроны Дрысенскага пав. Віцебскай губ. - 1967, Мінск], мемуарыст, хімік, мовазнавец, педагог. Скончыў Пецярбургскі ун-т. Член БСГ. Блізкі знаёмы Я.Купалы, першая сустрэча з якім адбылася на кватэры Б.Эпімах-Шыпілы ў Пецярбургу. У 1921-26 працаваў у розных установах Наркамасветы БССР. Потым у Інбелкульце. У 1929-30 у Інстытуце мовазнаўства БелАН, займаўся распрацоўкай бел. навуковай тэрміналогіі. Арыштаваны ДПУ БССР 18.7.1930 па справе 'Саюза вызвалення Беларусі'. Па пастанове калегіі АДПУ СССР ад 10.4.1931 высланы ва Уфу тэрмінам на 5 гадоў. Пастановай Асобай нарады ад 25.7.1935 тэрмін зняволення падоўжаны. Рэабілітаваны 15.11.1957. Па вяртанні ў Мінск выступаў у друку і публічна з успамінамі пра Я.Купалу, грамадска-культурнае жыццё беларусаў у Пецярбургу да 1917. Рукапіс успамінаў С. захоўваецца ў Літаратурным музеі Я.Купалы.
Тв.: Сябар вялікага таленту // Чырвоная змена. 1962, 26 чэрв.; Купала ў Пецярбурзе // Полымя. 1967, ? 3;
Лiт.: Янка Купала: Энцыкл. даведнік. Мн., 1986; Возвращенные имена.
СЦЕРНІН (БАГДАНОВІЧ) Мікалай Клеафасавіч [1900, Магілёў -?], журналіст. Нарадзіўѓся ў сям'і чыгуначніка. Скончыў Магілёўскую гімназію. З 1913 працаваў карэктарам мясцовай земскай друкарні. У 1917 уваходзіў у склад Магілёўскай арганізацыі РСДРП (левыя інтэрнацыяналісты). У розныя гады рэдагаваў ці быў супрацоўнікам газ.: 'Соха и молот', 'Известия Оршанского Совета', 'Оренбургский рабочий', 'Тамбовская правда', 'Красное Знамя' (Цюмень), 'Красный шахтёр' (Шахты), 'Донская правда' (Таганрог), 'Кооперативная жизнь' (Масква) і інш. Узначальваў Саюз журналістаў у Магілёве. У 1932 скончыў вышэйшыя рэдактарскія курсы ў Масѓкве. Потым працаваў нам. загадчыка сектара друку ВЦСПС. Нечакана С. перавялі ў Чашніцкі р-н Віцебскай вобл. на пасаду начальніка палітаддзела саўгаса 'Пачаевічы'. Пазней быў рэдактарам газ. 'Звязда'. Звольнены ў жн. 1936 'за потерю революционной бдительности и допущение засоренности аппарата редакции... чуждыми людьми'. Працаваў пасля гэтага ў Інстытуце мовы і літаратуры АН БССР рэдактарам руска-бел. слоўніка і сакратаром рэдакцыйнага аддзела акадэміі. Арыштаваны ў чэрв. 1938. Вызвалены 11.7.1938 пасля ліста ў ЦК КП(б)Б. Звесткі пра далейшы лёс адсутнічаюць.
СЫРАКОМЛЯ Уладзіслаў [сапр.: Кандратовіч Людвік Францішак Уладзіслаў; крыптанімы: N.N.; K.; Ldwk Kndrtcz; 29.9.1823, фальварак Смольгава Бабруйскага пав. Мінскай губ., цяпер в. Смольгава Любанскага р-на Мінскай вобл. - 15.9.1862, Вільня], паэт, драматург, перакладчык, крытык, краязнавец. Паходзіў са шляхецкага роду герба 'Сыракомля', назву якога ўзяў за псеўданім. У 1833 паступіў вучыцца ў павятовую школу пры дамініканскім кляштары ў Нясвіжы. Але ў 1835 улады зачынілі школу; давучваўся ў дамініканскай школе ў Навагрудку (1836-37). У 1841 уладкаваўся на службу ў канцылярыю радзівілаўскіх маёнткаў. У 1844 пасля жаніцьбы пераехаў у арандаваны маёнтак Залуча (цяпер Стаўбцоўскі р-н). Гэта быў плённы перыяд у яго творчасці. Напісаў паводле пачутай у Міры гісторыі 'народную гутарку' 'Паштальён', якая стала дэбютам С. ў друку (1844). Праз пераклад Л.Трэфалева гэты верш стаў надзвычай папулярнай у Расіі песняй 'Когда я на почте служил ямщиком...' У вер. 1852 пераехаў у Вільню, бліжэй да выдавецтваў. У крас. 1853 пачаў арандаваць фальварак Барэйкаўшчына каля Вільні. З твораў, напісаных па-беларуску, да нас дайшлі толькі два - верш 'Добрыя весці' (1848, 1861) і лірычная мініяцюра 'Ужо птушкі пяюць усюды...' (1861). У 1856-58 неаднаразова выязѓджаў у Варшаву і Познань (Прускае каралеўства). Пасля гэтых паездак за С. быў устаноўлены сакрэтны нагляд. У крас. 1861 выступіў на патрыятычнай маніфестацыі ў Коўне з вершамі. Выехаў у Варшаву, а на зваротным шляху быў арыштаваны і зняволены ў віленскай турме. Знаходзіўся пад арыштам каля месяца. Вызвалены пад нагляд паліцыі. Памёр у час следства. Пахаваны на віленскіх могілках Роса.
Тв.: Бел. пер.: Выбр. тв. Мн., 1966; Вандроўкі па маіх былых ваколіцах: Успаміны, даследаванні гісторыі і звычаяў. Мн., 1992; Мінск. Мн., 1992; Добрыя весці: Паэзія, проза, крытыка. Мн., 1993.
Лiт.: Цвірка К. Слова пра Сыракомлю. Мн., 1975; Мархель У. Лірнік вясковы. Мн., 1983; БП, т. 5; ЭГБ, т. 6-1.
СЫЧ Пётр [18.1.1912, Вілейскі пав. - 20.6.1963, Германія], пісьменнік, мемуарыст. Друкаваўся з 1932. Арыштаваны 3.10.1939, пасаджаны ў Вілейскую турму, з 1940 у Полацкай турме, дзе пасябраваў з В.Жук-Грышкевічам. Асуджаны на дзесяць гадоў прымусова-папраўчых работ. Вывезены ў Комі АССР, дзе быў да канца 1941. Паводле так званай дамовы 'Сікорскі-Майскі' паѓтрапіў у армію генерала Андэрса. У чыне паручніка прымаў удзел у баях пад Монтэ-Касіна, Анконай, Балонні, 4 разы паранены. З 1946 у Англіі, з 1951 у Германіі. З канца 1950-х г. - супрацоўнік бел. адѓдзела радыё 'Свабода'. Рэдагаваў час. 'Шарсцень'.
Літ.: Ля чужых берагоў. Мюнхен, 1955. С. 131; Пашкевіч А. Зваротныя дарогі. Беласток, 2001. С. 134; Юрэвіч Л. Літаратурны рух на эміграцыі. Мн., 2002.
СЯДНЁЎ Масей [Майсей Ларывонавіч; 19.8(1.9).1913, в. Мокрае Клімавіцкага пав. Маѓгілёўскай губ., цяпер Касцюковіцкі р-н Магілёўскай вобл. - 5.2.2001, Глен Коў, ЗША], паэт, празаік. У 1930-31 вучыўся ў Мсціслаўскім педтэхнікуме. Пачаў публікавацца ў 1933. Друкаваўся ў час. 'Полымя', 'Беларуская работніца і сялянка', газ. 'Савецкая Беларусь', 'Літаратура і мастацтва', 'Чырвоная змена'. У 1933 паступіў у МВПІ. На 4-м курсе 21.10.1936 арыштаваны. Высланы на Калыму. У 1941 быў накіраваны ў Мінск для перагляду справы. Пасля пачатку вайны каля Чэрвеня канвой адпусціў зняволеных. Вярнуўся ў родную вёску, працаваў на гаспадарцы. У 1943 пераехаў у Беласток, дзе ўладкаваўся карэктарам у газ. 'Новая дарога'. Падрыхтаваў да друку зборнік вершаў 'Ад сына твайго, Беларусь', які быў набраны ў Кёнігсбергу, але згарэў там у час пажару. Потым выехаў у Берлін. Жыў у амерыканскай і англійскай зонах акупацыі Германіі. Працаваў настаўнікам у бел. гімназіі ў Міхельсдорфе. У 1950 пераехаў у ЗША. Каля 10 гадоў працаваў на металаапрацоўчай фабрыцы. Выкладаў рускую мову ў Індыянскім ун-це. Рэѓабілітаваны 22.1.1992. Вялікі цыкл вершаў прысвяціў перажытаму ў турмах і лагерах. У першай палове 1990-х г. неаднаразова наведваў Беларусь.
Тв.: Ахвяры бальшавізму: (Зборнік успамінаў і артыкулаў). Беласток, 1944; На краю святла: Паэма. Б.м. [Міхельсдорф], 1947; Спадзяванні: Вершы. Рэгенсбург, б. г. [1947]; У акіяне ночы: (Вершы, паэмы). Мюнхен, 1947; Цень Янкі Купалы: Паэма. Ватэнштэт, 1947; Ля ціхай брамы: Вершы. Нью-Ёрк, 1955; Патушаныя зоры. Нью-Ёрк; Мюнхен, 1975; Раман Корзюк. Нью-Ёрк; Мюнхен, 1985; Ачышчэнне агнём. Нью-Ёрк, 1985; І той дзень надышоў: Раман з часоў другой сусветнай вайны. Нью-Ёрк, 1987; Патушаныя зоры. Мн., 1992; Масеева кніга. Мн., 1994.
Лiт.: Сачанка Б. Сняцца сны аб Беларусі... Мн., 1990; Савік Л. 'Мне песня дадзена для мукі...' // Культура беларускага замежжа. Мн., 1993; Савік Л. Я прыду з далёкае чужыны // Савік Л. Пакліканыя. Літаратура беларускага замежжа. Мн., 2001; Юрэвіч Л. Літаратурны рух на эміграцыі. Мн., 2002.
СЯДУРА Уладзімір Ільіч [псеўданімы: Уладзімір Глыбінны; Кастусь Старажоўскі; крыптанімы: У. Г.; Ул. Г.; 11(24).12.1910, Мінск - 14.4.1995, Трой, штат Нью-Йорк, ЗША], літаратуразнаўца, мастацтвазнаўца, крытык, празаік, грамадскі дзеяч, заслужаны прафесар Рэнсэлерѓскага політэхнічнага інстытута (1976, ЗША), доктар філалогіі (ЗША). Нарадзіўся ў Мінску на Старажоўцы (цяпер вуліца Старажоўская); вучыўся пры нямецкай і польскай акупацыях, пачатковую чатырохгодку скончыў ужо пры савецкай уладзе (1923). У тым жа годзе С. паступіў у 15-ую Мінскую сямігодку, у якой вучыліся Андрэй Александровіч і некалькі іншых будучых пісьменнікаў. У 1927, пасля сканчэння сямігодкі, паспяхова здаў экзамены ў МБПТ. Тады ж 'беларускі Бялінскі' (выраз загінуўшага ў канцлагеры таленавітага празаіка С.Русаковіча) стаў сябрам 'Маладняка'. Першыя публікацыі С. з'явіліся ў афіцыйным друку ўлетку 1929, калі ён пачаў актыўна выступаць як літаратурны крытык. Аналізаваў творчасць або рэцэнзаваў зборнікі А.Звонака, М.Лынькова, Р.Мурашкі, А.Александровіча, З.Астапенкі, В.Маракова, Т.Кляшторнага, Ю.Таўбіна і інш. У 1930 паступіў на літаратурна-лінгвістычнае адѓдзяленне педагагічнага ф-та БДУ. З 1931 - член БелАППа, узначальваў яе маладзёжнае крыло (разам з Б.Мікулічам і С.Ліхадзіеўскім). Арыштаваны 3.3.1933 (у Маскве, куды перавёўся вучыцца, спрабуючы схавацца ад НКВД); высланы на тры гады ў Сібір. У жн. 1935 датэрмінова вызвалены. Вярнуўся ў Мінск, але, не атрымаўшы сталічнай прапіскі, паехаў у Гомель, потым у Краснадар (вясна 1936), Растоў. Схаваўшы судзімасць, паступіў у Маскоўскі ун-т. Увесну 1938 хмары зноў пачалі збірацца, і С., не стаўшы чакаць сваёй чаргі на арышт, з'ехаў на Каўказ, потым у Крым. У жн. 1938 С. паехаў у Ленінград, дзе зноў, стаіўшы суѓдзімасць, паступіў у Ленінградскі педагагічны інстытут імя М.Пакроўскага. У 1939 скончыў гэты інстытут і ў 1941 абараніў (у Мінску) кандыдацкую дысертацыю па філалогіі. Працаваў выкладчыкам МВПІ, адначасова старшым навуковым супрацоўнікам Інстытута педагогікі Наркамасветы БССР. Арыштаваны 22.6.1941. На этапе Мінск-Чэрвень 24.6.1941 уцёк з-пад варты і вярнуўся ў Мінск. У час нямецкай акупацыі рэдагаваў час. 'Новы шлях' (Рыга), друкаваўся ў 'Беларускай газэце'. У 1943 падрыхтаваў да друку кнігі 'Беларускае мастацтва', 'Жыве Беларусь', 'Беларускі тэатр', якія тады не пабачылі свет. Браў удзел у 2-м Усебеларускім кангрэсе. У 1944 пераехаў у Германію, потым - Чэхію; праз некаторы час зноў вярнуўся ў Германію. З 1951 жыў у ЗША. З 1959 узначальваў кафедру сучасных моў і рускай літаратуры ў Школе гуманітарных навук Рэнсэлерскага політэхнічнага інстытута ў Троі (Troy). Спецыяліст па рускай літаратуры, найперш па творчасці Ф.Дастаеўскага. У канцы 1980-х г. здароўе С. пагоршылася. Перанёс інсульт, пасля якога быў прыкаваны да ложка ўсе апошнія гады жыцця.
Кр.: НАРБ, ІКР.
Тв.: Смаленшчына - адвечная зямля беларускага народу: Гістарычны нарыс. Берлін, 1944; Достоевсковедение в СССР. Мюнхен, 1955; Dostoyevski in Russian Literary Criticism. 1846-1956. New York, 1957. Second ed. New York, 1969; Доля беларускае культуры пад Саветамі. Мюнхен, 1958; На берагах пад сонцам. Апавяданні і аповесці. Нью-Йорк. 1964; На святой зямлі. Лондан. 1972; Паэта з божай ласкі. Нью-Йорк. 1979; Пад лебядзіным знакам: Аповесць пра Максіма Багдановіча. Трой; Нью-Йорк, 1983; Вялікія дарогі. Грэнд Рэпідз. ЗША. 1997.
Лiт.: Жыцьцяпіс беларускага публіцыстага У.Глыбіннага / Публ. А.Гесь // Спадчына. 1997, ? 3; Маракоў Л. Уладзімір Сядура: шляхі беларускага паломніка // Полымя. 2000, ? 2.
СЯНКЕВІЧ Аляксандр Антонавіч [20.1.1884, в. Мікалаеўшчына Мінскага пав., цяпер Стаўбцоўскі р-н Мінскай вобл. - 29.6.1938, Мінск, НКВД], дзяржаўны і паліт. дзеяч, медык, пісьменнік, публіцыст. У 1902 скончыў Нясвіжѓскую настаўніцкую семінарыю. Настаўнічаў у вясковых школах. Удзельнік аграрнага руху ў час рэвалюцыі 1905-07. Адзін з арганізатараў нелегальнага настаўніцкага з'езда 9.7.1906 у Мікалаеўшчыне, на якім зрабіў даклад пра паліт. становішча ў Расіі. З'езд быў разагнаны паліцыяй. У канцы 1906 эміграваў у ЗША. Працаваў на розных прадпрыемствах. З 1908 член рускага аддзела Амерыканскай сацыялістычнай партыі. У 1913 скончыў медыцынскі ф-т Мэрылендскага ун-та ў Балтыморы. У 1917 праз Японію трапіў на Далёкі Усход. Займаў там розныя адміністрацыйныя пасады. З 1921 наркам аховы здароўя БССР. У 1924-26 загадчык бел. сектара Камуністычнага ун-та нацыянальных меншасцей Захаду ў Масѓкве. З 1926 дацэнт БДУ. З 1928 рэктар Камуністычнага ун-та Беларусі. У 1931-32 працаваў у Інстытуце літаратуры і мастацтва БелАН. У публіцыстыцы 'грашыў' сацыялагізатарскім, класавым падыходам да творчасці пісьменнікаў. З 1932 дырэктар Інстытута гігіены і санітарыі Наркамата аховы здароўя РСФСР. З 1935 працаваў ва Усесаюзным радыёкамітэце. Арыштаваны 10.1.1938. У чэрв. 1938 Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны 6.10.1956.
Тв.: Успаміны з рэвалюцыі 1905-1906 гг. // Полымя. 1923, ? 3-4; Аграрны рух на Меншчыне ў 1905-1906 гг. // Наш край. 1925, ? 1; Класавая барацьба ў беларускай літаратуры // Бальшавік Беларусі. 1930, ? 8-9; За ленінскую лінію ў нацыянальнай палітыцы. Мн., 1931; Вандраванне Васіля. Мн., 1932.
Лiт.: Инсаров И.А. А.А.Сенкевич - врач, видный общественный и политический деятель // Здравоохранение Белоруссии. 1972, ? 12; Камароўскі А. Хроніка аднаго жыцця // Полымя. 1973, ? 4; Соломевич И.В. Родился на Немане // Белорусский экватор. Мн., 1981; Возвращенные имена; ЭГБ, т. 6-1.