Моряков Леонид Владимирович: другие произведения.

Т

Журнал "Самиздат": [Регистрация] [Найти] [Рейтинги] [Обсуждения] [Новинки] [Обзоры] [Помощь]
 Ваша оценка:

  ТАКАРЧУК Юры [Георгій Кліменцьевіч; 26.11.1910, Ашмяны Віленскай губ., цяпер Гродзенскай вобл. - 31.7.1942, Табольск ?], журналіст. Быў карэспандэнтам газ. 'Комсомольѓская правда' ў Беларусі. Апошняя пасада - галоўны рэдактар грамадска-паліт. вяшчання Беларускага радыё. Арыштаваны 26.11.1936. Асуѓджаны 15.11.1937 на 10 гадоў пазбаўлення волі. Загінуў у Табольскай турме. Рэабілітаваны 26.1.1955.
  Літ.: Маракоў Л. Вынішчэнне, або Пяць хваляў арыштаў беларускіх літаратараў // ЛіМ. 1999, 10 снеж.
  
  ТАЛОЧКА Уладзіслаў [псеўданім: Дрыгавіч; 6(18).2.1887, Гродна - 13.11.1942, Вільня], рыма-каталіцкі святар, гісторык, літаратурны крытык. У 1896-1904 вучыўся ў Гродзенскай гімназіі. З кастр. 1906 - у Віленскай духоўнай каталіцкай семінарыі. Пасвечаны ў святары ў 1909. У 1909-14 вывучаў тэалогію і філасофію ў Каталіцкім ун-це ў Інсбруку (Аўстрыя). З 1914 у Вільні; праводзіў святарскую дзейнасць у касцёле св. Стафана і ў былым бернардзінскім касцёле. Адным з першых пачаў ужываць бел. мову ў набажэнствах. Супрацоўнічаў з літоўскімі культурніцкімі і рэлігійнымі выданнямі ('Draugija', Коўна; 'Vadovas', Сейны). Публікаваў матэрыялы гістарычнай тэматыкі ў віленскім каталіцкім час. 'Dwutygodnik Diecezjalny'. Падтрымліваў выданне першай бел. каталіцкай газ. 'Biełarus'. У 1915 адзін з арганізатараў Віленскага камітэта дапамогі пацярпелым ад вайны і бел. дзіцячага прытулку 'Золак'. У 1916-18 выкладаў рэлігію ў першых бел. школах Вільні, а таксама на курсах для непісьменных і для рабочых. Па пытаннях бел. культуры, гісторыі, рэлігіі шмат друкаваўся ў газ. 'Homan' (1916-18). Удзельнік Беларускага з'езда Віленшчыны і Гродзеншчыны (25-27.1.1918). Уваходзіў у склад Літоўскай Тарыбы. З 1917 звязаны з нацыянальна-рэлігійнай арганізацыяй 'Хрысціянская дэмакратычная злучнасць'; рэгулярна выступаў у яе друкаваным органе газ. 'Krynica'. Супрацоўнічаў з нямецкім, італьянскім, літоўскім, украінскім, польскім друкам. За адстойванне ідэй экуменізму быў празваны 'Усходнім агенцтвам'. Адзін з вядучых аўтараў час. 'Przegląd Wileński'. З 1920-х г. пераследаваўся польскімі свецкімі і духоўнымі ўладамі. 15.12.1938 загадам віленскага ваяводы выселены з Вільні. Жыў у Беластоку. У Вільню вярнуўся пасля пачатку 2-й сусветнай вайны. Пахаваны на віленскіх могілках Роса.
  Тв.: Багушэвіч і Арэшчыха // Запісы БНТ. Сш. 1. Вільня, 1938; Беларуская думка ХХ ст. Мн., 1998.
  Лiт.: Гарбінскі БРД; ЭГБ, т. 6-1.
  ТАМАШЧЫК Уладзімір Данілавіч [у царкоўным жыцці Васіль; 15.4.1900, в. Вялікія Азяраны Гродзенскага пав., цяпер Ваўкавыскі р-н Гроѓдзенскай вобл. - 9.6.1970, Нью-Йорк], праваслаўны святар, рэлігійны дзеяч, публіцыст. Вучыўся ў школе ў Гродне. З пачаткам 1-й сусветнай вайны сям'я Т. эвакуіравалася ў глыб Расіі. Са снеж. 1915 жыў у Омску, дзе скончыў сярэднюю школу (1920). У 1921 вярнуўся ў Беларусь. Жыў у маёнтку Дубляны пад Вялікай Бераставіцай. У 1920-я г. далучыўся да бел. нацыянальнага руху. Арыштаваны польскімі ўладамі ў 1927; прыгавораны да 3 гадоў турмы. З 1930 - у Чэхаславакіі. Вучыўся на агранамічным ф-це Пражскага політэхнічнага інстытута, пасля сканчэння якога ў 1934 запрошаны на пасаду асістэнта Пражскага інстытута заалогіі. Быў сакратаром старшыні Рады БНР В.Захаркі. У гады 2-й сусветнай вайны на кароткі час вярнуўся ў Дубляны. Пазней пераехаў у Беласток, дзе працаваў нам. рэдактара бел. газ. 'Новыя дарогі', удзельнічаў у нацыянальным падполлі. З 1944 - у эміграцыі. Пасля вайны жыў і працаваў у Мюнхене. Быў абраны старшынёй Цэнтральнага беларускага камітэта ў Германіі. 23.4.1949 у Канстанцы (Германія) пастрыгся ў манахі і прыняў імя Васіль. 19.12.1949 у бел. царкве св. Мікалая ў Розенгайме ўзведзены вышэйшымі духоўнымі ўладамі Украінскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў сан епіскапа. У 1951 скончыў Украінскую багаслоўскую акадэмію ў эміграцыі. На свяшчэнным Саборы Беларускай аўтакефальнай праваслаўнай царквы ў 1951 абраны адміністратарам БАПЦ у ЗША, Канаѓдзе і Еўропе. З 2-й паловы 1951 - у ЗША. Жыў у Нью-Йорку, дзе арганізаваў епіскапальны цэнтр БАПЦ у Паўн. Амерыцы. Некаторы час узначальваў Беларускі інстытут навукі і мастацтва. Выступаў з малітвамі ў Сенаце ЗША у сувязі з угодкамі абвяшчэння БНР. Быў асабіста знаёмы з прэзідэнтамі ЗША Л.Джонсанам і Р.Ніксанам. Садзейнічаў арганізацыі новых прыходаў БАПЦ і школ беларусаведы.
  Літ.: Кіпель В. Беларусы ў ЗША. Мн., 1993; Гарбінскі БРД.
  
  ТАМІЛЬЧЫК Мітрафан Лукіч [1896, в. Хадасевічы Слонімскага пав. Гродзенскай губ., цяпер Слонімскі р-н Гродзенскай вобл. - 5.7.1938, Мінск, НКВД], фізік. У 1928 скончыў БДУ. У 1931-33 аспірант БелАН. З 1936 выкладчык Беларускага політэхнічнага інстытута. Арыштаваны 4.3.1938. 26.5.1938 прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны 4.2.1958.
  Кр.: НАРБ, ІКР.
  
  ТАНК Максім [сапр.: Скурко Яўген Іванавіч; іншыя псеўданімы: Аўгень Бура; А.Граніт; 4(17).9.1912, в. Пількаўшчына Вілейскага пав. Віленскай губ., цяпер Мядзельскі р-н Мінскай вобл. - 7.8.1995, Мінск], паэт, грамадскі дзеяч. Вучыўся ў Вілейскай рускай гімназіі і Радашковіцкай беларускай гімназіі, дзе ўступіў у члены падпольнай камсамольскай арганізацыі. За ўдзел у забастоўцы ў пачатку 1929 выключаны з гімназіі. Нейкі час вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі, з якой выключаны за непаслушэнства, потым - у Віленскай рускай гімназіі. Разам з аднакласнікам ў 1931 выпусціў рукапісны час. 'Пралом', дзе змясціў свае першыя вершы. З 1932 актыўна публікаваўся ў нелегальным друку. Арыштаваны ў сак. 1932; трапіў у віленскую турму Лукішкі. Вызвалены праз месяц. Восенню 1932 нелегальна перайшоў польска-савецкую мяжу. Неўзабаве вярнуўся ў Зах. Беларусь на падпольную работу. Неаднойчы арыштоўваўся. З перапынкамі правёў у турмах каля двух гадоў. У канцы 1933 у Лукішках выдаваў падпольны час. 'Краты'. З 1936 член КПЗБ. Супрацоўнічаў у легальных выданнях 'Poprostu', 'Наша доля', 'Беларускі летапіс', 'Калоссе'. Кнігі Т. 'На этапах' (1936) і 'Нарач' (1937) канфіскоўваліся ўладамі. Стаў вядучым паэтам зах.-бел. літаратуры. Пасля з'яднання Зах. Беларусі з БССР працаваў у газ. 'Віленская праўда', вілейскай абл. 'Сялянскай газеце'. У час вайны працаваў у газ. 'За Савецкую Беларусь', у рэдакцыі газеты-плаката 'Раздавім фашысцкую гадзіну'. У 1948-67 галоўны рэдактар час. 'Полымя'. У 1967-90 - старшыня праўлення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Народны паэт Беларусі (1968). Акадэмік АН Беларусі (1972). Імем Т. названы Беларускі дзяржаўны педагагічны ун-т і вуліца ў Мінску.
  Тв.: Зб. тв.: У 6 т. Мн., 1978-81.
  Лiт.: Калеснік У. Паэзія змагання: Максім Танк і заходнебеларуская літаратура. Мн., 1959; Бугаёў Д. Паэзія Максіма Танка. Мн., 1964; Рагойша В. Паэтыка Максіма Танка. Мн., 1968; Калеснік У. Максім Танк: Нарыс жыцця і творчасці. Мн., 1981; Арочка М. Максім Танк: Жыццё ў паэзіі. Мн., 1984; Верабей А. Максім Танк і польская літаратура. Мн., 1984; Мікуліч М. Паэзія рэчаіснасці: У свеце Максіма Танка. Мн., 2001; Ліс А. На разломе эпохі // Полымя. 2000, ? 9; БП, т. 6; ЭГБ, т. 6-1.
  
  ТАПЧЭЎСКІ Фелікс Феліксавіч [псеўданімы: Хвэлька з Рукшэніц; Юрка (?); каля 1838, фальварак Будзішча (Лёсава) Полацкага пав. Віцебѓскай губ., цяпер Ушацкі р-н Віцебскай вобл. - 17(29).12.1892, в. Ухвішча Лепельскага пав. Віцебскай губ., цяпер Полацкі р-н Віцебскай вобл.], паэт. У 1849-52 вучыўся ў Лепельскім павятовым вучылішчы. Служыў у канцылярыі Віцебскага земѓскага суда. У 1861 звольніўся з суда і ўладкаваўся валасным пісарам у мяст. Ула Лепельскага пав. (цяпер Бешанковіцкі р-н). У крас. 1863 звольнены. Жыў у маёнтку сваёй сястры Красны Стаў каля Веліжа (цяпер Смаленская вобл.). Арыштаваны ў лют. 1864; зняволены ў Віцебскай турме. Т. інкрымінавалася сувязь з паўстанцкім атрадам О.Грабніцкага, які фарміраваўся на Лепельшчыне. Але ўлады не змаглі гэтага даказаць. У апошняй чвэрці ХІХ ст. валодаў фальваркам Лёсава паблізу Рукшаніц (Рукшэніц). Працаваў кіраўніком спраў у маёнтку Ухвішча памешчыцы А.Сялявы. У гэты перыяд разгарнулася творчая дзейнасць Т. Пісаў ён гумарыстычныя творы, якія шырока разыхоѓдзіліся ў рукапісах. Аўтографы не захаваліся. Некаторыя з вершаў трапілі ў рукапісную 'Беларускую хрэстаматыю' Б.Эпімах-Шыпілы: 'Саўсім не тое, што было', 'Грошы і праца', 'Ён і яна', 'Вечарынка', 'Панскае ігрышча' (гэты верш у 1899 быў апублікаваны І.Сіроткам у газ. 'Виленский вестник'; твор, вядомы пад псеўданімам Юрка, прыпісваўся іншым аўтарам, асабліва настойліва А.Гурыновічу). З вершам 'Панскае ігрышча' спрачаўся Ф.Багушэвіч, які ў 1894 змясціў 'Адказ' яго аўтару ў сваім 'Смыку беларускім'. Пахаваны Т. ў в. Рукшаніцы Полацкага пав., цяпер в. Глыбачка Ушацкага р-на.
  Тв.: У кн.: Беларуская літаратура ХІХ ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988.
  Лiт.: Лойка А А. Гісторыя беларускай літаратуры: Дакастрычніцкі перыяд. Ч. 1. 2 выд. Мн., 1989; Кісялёў Г. Вакол загадкі 'Хвэлькі з Рукшэніц' // Кісялёў Г. Радаводнае дрэва. Мн., 1994; БП, т. 6; ЭГБ, т. 6-1.
  
  ТАРАШКЕВІЧ Браніслаў Адамавіч [псеўданімы: Адам Навука; 'Тарас на Парнасе'; Я.Тарас; Тарас Язычнік; Тарас Навіна (?); Biaіorusin; 8(20).1.1892, засценак Мацюлішкі Віленскага пав. Віленскай губ., цяпер Вільнюскі р-н, Літва - 29.11.1938, Мінск, НКВД], грамадскі і паліт. дзеяч, мовазнавец, перакладчык, публіцыст. У 1911 скончыў 2-ю Віленскую гімназію, у 1916 - гісторыка-філалагічны ф-т Петраградскага ун-та. У бел. друку выступаў з 1913. У 1916-18 на кафедры рускай мовы і славеснасці Петраградскага ун-та. З 1917 адзін з лідэраў БСГ, з 1918 - Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі. У 1918 Т. выдаў 'Беларускую граматыку для школ', якая адыграла значную ролю ў нацыянальнай асвеце. У 1919 выкладчык бел. і грэчаскай моў у МВПІ. У тым жа годзе Т. быў арыштаваны бальшавікамі. У 1920 старшы рэферэнт дэпартамента асветы Сярэдняй Літвы. У 1921-22 дырэктар Віленскай беларускай гімназіі. Адзін з кіраўнікоў і заснавальнікаў ТБШ. У 1922 абраны дэпутатам польскага сейма, узначаліў у ім Беларускі пасольскі клуб. Актыўна выѓступаў з трыбуны сейма ў абарону інтарэсаў бел. народа. У 1925 старшыня БСРГ. Арыштаваны 14.12.1927. У маі 1928 на 'Працэсе 56-і' асуджаны на 12 гадоў турмы. У 1928 абраны акадэмікам АН Беларусі. У 1930 вызвалены паводле распараджэння прэзідэнта Польшчы. Зноў арыштаваны 5.2.1931. У ліст. 1932 асуджаны на 8 гадоў катаржнай турмы. Падчас знаходжання ў турме пераклаў на бел. мову паэму А.Міцкевіча 'Пан Тадэвуш'. З вер. 1933 па абмене палітвязнямі жыў у СССР. Працаваў у Міжнародным аграрным інстытуце ў Маскве. Арыштаваны НКВД 5.5.1937. 5.1.1938 'двойкай' НКВД і Пракуратуры СССР прыгавораны да расстрэлу. Рэабілітаваны 26.1.1957. Імем Т. названы вуліцы ў Маладзечне і Радашковічах, ліцэй у Бельску (Польшча).
  Тв.: Беларуская граматыка для школ. Вільня, 1918; Заходняя Беларусь - плацдарм імперыялістычнай інтэрвенцыі. Мн., 1931; Как живут крестьяне за границей. Л., 1935; Выбр.: Крытыка, публіцыстыка, пераклады. Мн., 1991.
  Лiт.: Ліс А. Браніслаў Тарашкевіч. Мн., 1966; Бергман А. Слова пра Браніслава Тарашкевіча: Гістарычны жыццяпіс. Пераклад з польскай. Мн., 1996; Валахановіч А.І., Міхнюк У.М. Споведзь у надзеі застацца жывым. Мн., 1999.
  
  ТАЎБІН Юлій [Юдаль Абрамавіч; псеўданімы: Андрэй Адхонны; Амсціслаўцы (з А.Куляшовым); Клім Качкін (з З.Астапенкам); Мсціслаўцы (з А.Куляшовым і З.Астапенкам); крыптанімы: У.Х. і Ю.Т. (з У.Хадыкам); Ю.Т. і А.К. (з А.Куляшовым); 2(15).9.1911, Астрагожск Варонежскай губ., цяпер Варонежская вобл., Расія - 30.10.1937, Мінск, НКВД], паэт, перакладчык. Нарадзіўся ў сям'і аптэкара. У 1921 пераехаў з бацькамі ў Мсціслаў. Вучыўся ў сямігодцы, скончыў Мсціслаўскі педагагічны тэхнікум (1928). Першыя вершы з'явіліся ў друку ў 1926 на старонках час. 'Маладняк Калініншчыны' (Клімавічы). Увосень 1930 выйшаў першы зборнік вершаў Т. 'Агні'. Тагачасная крытыка ставілася да Т. насцярожана; яго абвінавачвалі ў рабскіх адносінах да старой буржуазнай літаратуры. У 1931-33 вучыўся на літаратурным ф-це МВПІ. Стаў членам БелАППа. Арыштаваны ў канцы лют. 1933; 10.8.1933 прыгавораны да двух гадоў высылкі. Адбываў яе ў Цюмені. Настойліва вывучаў англійскую мову; многа перакладаў з яе. Перакладаў таксама асобныя творы Г.Гейнэ, У.Маякоўскага. 4.11.1936 паўторна арыштаваны і этапаваны ў Мінск. 29.10.1937 выязная сесія Ваеннай калегіі Вярхоўнага суда СССР прысудзіла паэта да расстрэлу. Рэабілітаваны 29.8.1956.
  Тв.: Каб жыць, спяваць і не старэць...: Вершы. 1928-1930. Мн., 1931; Тры паэмы. Мн., 1931; Мая другая кніга: Вершы. Мн., 1932; Таўрыда: Паэма. Мн., 1932; Выбр. вершы. Мн., 1957; Вершы. Мн., 1969.
  Лiт.: Бечык В. Голас маладосці // ЛіМ. 1973, 8 сак.; Грахоўскі С. Жыве ў памяці маёй: Успаміны // Дзень паэзіі - 73. Мн., 1973; Азгур З. Пад небам і пад дахам майстэрні: (Успаѓміны) // Полымя. 1974, ? 2; Бярозкін Р. Пра Юлія Таўбіна // Бярозкін Р. Кніга пра паэзію. Мн., 1974; Маракоў Л. Ліст з таго свету // Голас Радзімы. 1999, 26 жн.
  
  ТАЎЛАЙ Валянцін Паўлавіч [псеўданімы: Усяслаў Барвінец; Бунтар; Янка Бунтар; К.Бунтарны; Былы вучань; Васіль; М.Гарустовіч; Горны; Янка Дванаццаты; Павел Менскі; Мсцівец; Юрка Назубіч; Ілюк Прышчэпа (з Я.Брылём); Паўлюк Сірата; В.Тарскі; Чырвоны звястун; крыптанімы: А.С. і В.Т. (з А.Салагубам); В.Т.; 26.1(8.2).1914, Баранавічы - 27.4.1947, Мінск], паэт, літаратураѓзнавец. Вучыўся ў Слонімскай настаўніцкай семінарыі; у 1925 выключаны за адмову запісацца палякам. Вучыўся ў Віленскай беларускай гімназіі; у лют. 1928 за ўдзел у арганізацыі вучнёўскай забастоўкі пад паліцэйскім канвоем адпраўлены да бацькоў. Друкавацца пачаў у 1928, калі з'явіліся пубѓлікацыі ў прэсе і выйшла кніга 'Непераможная'. За падпольную дзейнасць арыштаваны 28.8.1929; знаходзіўся ў зняволенні ў Слонімскай і Гродзенѓскай турмах. З кастр. 1930 у БССР. У 1930-32 працаваў у газ. 'Звязда', вучыўся на газетным аддзяленні літфака БДУ. У снеж. 1932 накіраваны на падпольную работу ў Зах. Беларусь. Адзін з рэдактараў 'Беларускай газеты' і яе дадатку 'Літаратурная старонка', у снеж. 1933 адзін з арганізатараў Літаратурнага фронту сялянска-рабочых пісьменнікаў Зах. Беларусі. Арыштаваны 4.1.1934 пры спробе пераходу польска-савецкай мяжы. Асуджаны на 8 гадоў турмы; змешчаны ў Гроѓдзенскі астрог. У 1939-41 працаваў у лідскай раённай газ. 'Уперад'. Член СП Беларусі з 1941. Па інфармацыі У.Калесніка, у гады вайны быў у партызанах, па заданні якіх у 1943 перабраўся ў Навагрудак, дзе загадваў аддзелам культуры акруговай управы Беларускай самапомачы. У вер. 1943 арыштаваны СД у Лідзе па дарозе з Вільні. Вызвалены з дапамогай бел. паэтаў, палітычных і вайсковых дзеячоў. У 1955 час. 'Баявая ўскалось' (Канада) у ? 1 надрукаваў да артыкула 'Памяці сябра Паўлюка Сіраты' фотаздымак (датаваны: '1944 г. Менск'), на якім бачым разам 'Беларускі Парнас' (так падпісаны фотаздымак), удзельнікаў II Усебеларускага кангрэса: Т., Т.Лебяду, Хв.Ілляшэвіча, А.Чэмера (А.Анішѓчыка), С.Хмару, А.Салаўя, У.Сядуру, М.Сяднёва. З канца лета 1944 Т. адказны сакратар навагрудскай раённай газ. 'Звязда'. У 1945-47 старшы навуковы супрацоўнік і нам. дырэктара Літаратурнага музея Янкі Купалы. Пахаваны на Вайсковых могілках у Мінску.
  Тв.: Творы. Мн., 1961; Аўтабіяграфія // Пра час і пра сябе. Мн., 1966; Выбр. вершы і паэмы. Мн., 1967; Пілую вершам краты. Мн., 1984.
  Лiт.: Калеснік У. Аповесць пра Таўлая // Полымя. 1964, ? 10; 1965, ? 8-9; Арочка М. Валянцін Таўлай. Мн., 1969; Валянцін Таўлай: Дакументы, успаміны, артыкулы. Мн., 1984; БП, т. 6; ЭГБ, т. 6-1.
  
  ТАЧЫЦКІ Адольф Герасімавіч [1897, в. Брусы Вілейскага пав. Віленскай губ., цяпер Мяѓдзельскі р-н Мінскай вобл. - 4.3.1938, Мінск, НКВД], педагог. Брат І.Тачыцкага. На момант арышту працаваў выкладчыкам у Мінскім тарфяным тэхнікуме. Арыштаваны 31.10.1937. Прыгавораны 15.2.1938 да расстрэлу.
  Кр.: НАРБ, ІКР.
  
  ТАЧЫЦКІ Іван Герасімавіч [12.8.1895, в. Брусы Вілейскага пав. Віленскай губ., цяпер Мядзельскі р-н Мінскай вобл. - 4.3.1938, Мінск, НКВД], глебазнавец. Брат А.Тачыцкага. У 1925 скончыў Горацкі сельскагаспадарчы інстытут. Працаваў малодшым навуковым супрацоўнікам, кіраўніком аддзела ў Інстытуце аграглебазнаўства і ўгнаенняў БелАН. Арыштаваны 31.10.1937. Прыгавораны 15.2.1938 да расстрэлу. Рэабілітаваны 6.9.1957.
  Кр.: НАРБ, ІКР.
  Літ.: Возвращенные имена.
  
  ТРАЕЦКІ Аляксей [1900 - 23.9.1937, Мінск, НКВД], празаік, драматург, паэт. Пачаў друкавацца ў 1925 (вершы і байкі на вясковыя тэмы). У 1926 яго апавяданні былі змешчаны ў 'Маладняку'. Да канца 1920-х г. досыць актыўна публікаваў байкі, вершы, апавяданні. У 1930 у трох нумарах 'Узвышша' была надрукавана аповесць Т. 'Старасельѓшчына'. Потым яго імя знікла са старонак перыядычнага друку і толькі ў 1935 з'явілася апавяданне 'Храбрацы'. У 1934 асобным выданнем выѓйшла камедыя 'Нашы Казыры', якая ў 1936 была апублікавана ў Харкаве па-ўкраінску. У сааўтарстве напісаў п'есу 'Гонар', якая была пастаўлена ў БДТ-2 9.12.1934. Арыштаваны 6.5.1937. Расстраляны.
  Тв.: Нашы Казыры: Камедыя. Мн., 1934.
  Лiт.: БП, т. 6.
  
  ТРАМПОВІЧ Павел Віктаравіч [1(13).6.1889, Пскоў - 3.1.1956, Кіеў], медык, грамадскі дзеяч, публіцыст. Нарадзіўся ў сям'і выхадцаў з Беларусі. З 1908 вучыўся ў Псіханеўралагічным інстытуце Пецярбургскага ун-та. Зблізіўся з эсэрамі; браў удзел у паліт. дэманстрацыях, за што неаднаразова затрымліваўся. У 1910 эміграваў у Германію. Вучыўся на медыцынскім ф-це Баварѓскага ун-та. З-за цяжкіх матэрыяльных умоваў мусіў перапыніць вучобу. У 1912 залічаны ў Кіеўскі ун-т, які скончыў у 1917. У 1918 член Народнага сакратарыята Беларусі, Рады БНР. Жыў у Растове-на-Доне, Харкаве. З 1925 асістэнт, дацэнт, загадчык кафедры медыцынскага ф-та БДУ. Навуковы сакратар медыцынскай секцыі Інбелкульта (1925), нам. старшыні камісіі прыроды і прадукцыйных сіл Беларусі Інбелкульта (1928). Публікацыя ў 1925 артыкула Т. 'Шляхі беларускай інтэлігенцыі' выклікала рэзкую рэакцыю ЦК КП(б)Б: адбылося пасяджэнне Бюро ЦК; быў зняты з пасады рэдактар 'Савецкай Беларусі' І.Шыпіла і абноўлены склад рэдакцыі газеты. 26.10.1925 у 'Савецкай Беларусі' надрукаваны артыкул 'Далейшыя шляхі беларускай інтэлігенцыі (Адказ рэдакцыі т. Трамповічу)', дзе былі пералічаны памылкі аўтара, падкрэслівалася немагчымасць 'яднання на грунце нацыянальнай справы', бо адзіны правільны падыход да ўсіх пытанняў - класавы. Арыштаваны ДПУ БССР 9.7.1930 па справе 'Саюза вызвалення Беларусі'. Пастановай калегіі АДПУ СССР ад 10.4.1931 прыгавораны да 5 гадоў высылкі ў Астрахань. Пасля вызвалення ў 1945-50 працаваў хірургам у Магілёве-Падольскім Вінніцкай вобл., потым у Кіеве. Рэабілітаваны 10.6.1988.
  Тв.: Шляхі беларускай інтэлігенцыі // Савецкая Беларусь. 1925, 21 кастр. (перадрук: Спадчына. 1998, ? 3).
  Лiт.: Васілеўская Н. Жыццёвы шлях Паўла Трамповіча // Спадчына. 1998, ? 3; Возвращенные имена; ЭГБ, т. 6-1.
  
  ТРУСЕВІЧ Станіслаў Станіслававіч [псеўданім: Казімір Залеўскі; 1870, в. Вераскава Наваѓгрудскага пав. Мінскай губ., цяпер Навагрудскі р-н Гродзенскай вобл. - 25.8.1918, Масква], удзельнік рэвалюцыйнага руху, публіцыст. Вучыўся ў Варшаўскім ветэрынарным інстытуце, з якога выключаны ў 1889 за ўдзел у студэнцкіх хваляваннях. У 1891-92 вёў агітацыю сярод настаўнікаў і сялян Навагрудскага, Лідскага, Слуцкага пав. Арыштаваны. Жыў у Мінску пад наглядам паліцыі. У 1894 пад яго кіраўніцтвам створана Мінская сацыял-дэмакратычная арганізацыя. Адзін з заснавальнікаў Рабочага саюза Літвы, Сацыял-дэмакратыі Каралеўства Польскага і Літвы. У 1900 дэлегат Парыжскага кангрэса 2-га Інтэрнацыянала. Неаднаразова арыштоўваўся і ссылаўся. З 1906 у эміграцыі. У 1911 у зборнiку 'Общественное движение в России в начале ХХ в.' (Кн. 7, т. 4, ч. 2) апублікаваў артыкул 'Национальное движение', дзе прывёў звесткі пра бел. культуру. Пасля Лютаўскай рэвалюцыі 1917 вярнуўся ў Расію. У 1917-18 загадчык аддзела газ. 'Известия ВЦИК', рэдактар час. 'Вестник жизни'. Публікаваўся ў газ. 'Правда'. Аўтар брашуры 'Искусство и пролетариат' (1918) і артыкулаў, дзе аналізаваў ролю творчай інтэлігенцыі ў рэвалюцыйным руху.
  Лiт.: Корнилович Э.А. Старейший профессионал // Корнилович Э.А. Люди революционного подвига. Мн., 1985; ЭГБ, т. 6-1.
  
  ТУМІЛОВІЧ Янка [Іван Людвігавіч; 6(19).9.1905, в. Сяліба Ігуменскага пав. Мінскай губ., цяпер Бярэзінскі р-н Мінскай вобл. - 21.1.1938, ГУЛАГ], паэт. Паходзіў з сялянскай сям'і. У 1927 скончыў БДУ. Жыў у Мінску. Працаваў выкладчыкам гісторыі, у рэдакцыях часопісаў. Выступаць з вершамі ў друку пачаў у 1925. Член літаб'яднання 'Маладняк'. У 1926 разам з Я.Бобрыкам і А.Звонакам выдаў паэтычны зборнік. Публікаваўся ў час. 'Маладняк', газ. 'Савецкая Беларусь', 'Чырвоны сцяг', 'Звязда', 'Чырвоная змена', 'Камунар Магілёўшчыны'; калектыўным зборніку 'Дэкламатар' (1928). У пераважнай большасці вершы Т. - гэта ўзоры пралеткультаўскага рамантызму 1920-х г. У 1927 стаў адным з заснавальнікаў 'Пралетарска-сялянскай беларускай літаратурнай суполкі' ('Пробліск'). З 1930 пубѓлікацыі Т. знікаюць са старонак перыядычнага друку. Магчыма, гэта звязана з хваляй рэпрэсій у 1930. У 1930-я г. працаваў выкладчыкам Вышэйшай школы паліт. асветы, у рэдакцыі газ. 'Піянер Беларусі'. Арыштаваны 11.10.1936; 20.6.1937 Вярхоўным судом СССР прыгавораны да 7 гадоў пазбаўлення волі. Памёр у лагеры каля бухты Нагаева пад Уладзівастокам. Справа спынена 8.1.1940.
  Тв.: Пунсовае ранне: Вершы / У сааўтарстве. Мн., 1926; Полымя. 1960, ? 6; Анталогія беларускай паэзіі: У 3 т. Т. 2. Мн., 1961.
  Лiт.: Звонак А. Сціплая песня // Полымя. 1960, ? 6; БП, т. 6; ЭГБ, т. 6-1.
  
  ТУРБОВІЧ Дора Рыгораўна [? - 20.12.1937, Мінск, НКВД], гісторык. У 1931-33 вучылася ў аспірантуры БелАН. Потым працавала асістэнтам ў Інстытуце аспірантуры БелАН. Арыштавана 2.3.1937. Ваеннай калегіяй Вярхоўнага суда СССР прыгаворана да расстрэлу. Рэабілітавана 29.12.1966.
  Літ.: Возвращенные имена.
  
  ТЭЙФ Майсей Саламонавіч [4(17).9.1904, Мінск - 23.12.1966, Масква], паэт, празаік. Пісаў на ідыш і бел. мовах. Скончыў вячэрнюю школу ў Мінску. У 1923 паступіў у БДУ. З 1924 вучыўся на вячэрнім аддзяленні і працаваў на шпалернай фабрыцы. Першыя вершы Т. датаваны 1920; публікавацца пачаў з 1925. У 1928 паступіў на аддзяленне яўрэйскай мовы і літаратуры. Другога Маскоўскага дзяржаўнага ун-та. Падрабляў начной карэктарскай працай. Пасля сканчэння вучобы ў 1933 вярнуўся ў Мінск. Шмат працаваў; на працягу 1920-30 выдаў 11 кніг; перакладаў на яўрэйскую мову творы бел. і рускіх паэтаў; пісаў драматычныя творы, якія ставіліся на сцэне Яўрэйскага тэатра ў Мінску. Арыштаваны 23.4.1938. Вызвалены перад вайной. У 1941 мабілізаваны; вайну правёў на фронце, старшы сяржант артылерыйскай часці; атрымаў баявыя ўзнагароды. Пасля дэмабілізацыі ў 1945 жыў у Маскве. Зноў арыштаваны ў 1951. Да 1956 знаходзіўся на спецпасяленні ў Варкуце. Пасля рэабілітацыі ў 1956 вярнуўся ў Маскву. З 1961 да 1964 рэдактар аддзела паэзіі час. 'Савеціш Геймланд'.
  Тв.: Выбр.: Вершы, балады, паэмы. М., 1965 / Яўр.; Вершы; Балады; Паэмы. М., 1985 / Яўр.
  Лiт.: Хоцімскі А. Крыху аб творчасці і біяграфіі М. Тэйфа // ЛіМ. 1937, 6 жн.; БП, т. 6.
  
  ТЭРАЎСКІ Уладзімір Васілевіч [11(23).11.1871, мяст. Раманава Слуцкага пав. Мінскай губ., цяпер в. Леніна Слуцкага р-на Мінскай вобл. - 10.11.1938, Мінск, НКВД], дырыжор, кампазітар, фалькларыст. Скончыў Слуцкае духоўнае вучылішча (1889). У 1892-95 служыў у войску. У другой палове 1890-х г. жыў на Урале, кіраваў аматарскімі харавымі калектывамі. Спяваў у капэле Дз.Агрэнева-Славянскага. Вярнуўся ў Беларусь у пачатку 1900-х г. Узначальваў царкоўны хор Старажоўскай царквы, аматарскі хор Мінскага таварыства цвярозасці; выкладаў спевы ў пачатковых школах. У 1914 стварыў Мінскі беларускі хор, які ў 1917 увайшоў у склад Першага Беларускага таварыства драмы і камедыі. У 1918-19 кіраваў харавой капэлай у Беларускім савецкім тэатры; уваходзіў у склад Таварыства працаўнікоў беларускага мастацтва. Улетку 1920 арыштаваны польскімі акупацыйнымі ўладамі ў Асіповічах. Пасля ўтварэння Беларускага дзяржаўнага тэатра ў Мінску (БДТ-1) яго галоўны хормайстар. Арыштаваны ЧК у 1921 разам з У.Фальскім; прыгавораны да расстрэлу, замененага 5-гадовым зняволеннем. У 1923 вызвалены. Кіраваў харавымі калектывамі БДУ, МБПТ, саюза паштавікоў-тэлеграфістаў. Стварыў музыку да спектакляў БДТ-1: 'Бязвінная кроў' У.Галубка (1918), 'Каваль-ваявода' Е.Міровіча (1925) і інш. Найбольш вядомай стала музыка да спектакля 'На Купалле' М.Чарота (1921). Напісаў песні і рамансы на словы Я.Купалы, Я.Коласа, З.Бядулі, М.Чарота і інш. Запісваў і гарманізаваў народныя песні, частка якіх апублікавана ў зборніках 'Беларускі спеўнік з нотамі на тры галасы паводле народных мелодый' (1921), 'Беларускі лірнік' (1922), 'Вайсковы зборнік' (1926). Браў удзел у рабоце музычнай секцыі Інбелкульта. Пасля 1930 звольнены з працы, абвінавачаны ў нацыянал-дэмакратызме. Служыў у царкоўным хоры Старажоўскай царквы Мінска. Арыштаваны 17.8.1938. Расстраляны. Рэабілітаваны ў 1957.
  Лiт.: Травень М. Уладзімір Тэраўскі - ахвяра бальшавізму // Бацькаўшчына. 1956. ? 30; Гесь А., Ляхоўскі У. 'Калі песня жыве беларуса, будзе жыць беларускі народ!': Жыццё і творчы шлях Уладзіміра Тэраўскага // Мастацтва. 1966, ? 12; ЭГБ, т. 6-1.
  
 Ваша оценка:

Связаться с программистом сайта.

Новые книги авторов СИ, вышедшие из печати:
А.Левицкий, Л.Жаков "Охотники на мутантов" А.Рут (И.Сербжинская) "Темный день" Т.Форш "Предсказанный враг" П.Миротворцев "Мертвый Легион" А.Первухина "Обычная злая сказка" А.Круз "У Великой реки. Битва" А.Алисон "Долг платежом красен" Н.Осояну "Первая печать" Д.Аксенов "Самозванец" Д.Казаков "Рыцари королевы Ядвиги" Г.Левицкий "В плену страстей. Женщины в истории Рима" (историч.) В.Поляков, А.Глушановский "Улыбка гусара" М.Макаренков "Стражи. Боги холода" С.Жданова "Поймать Тень" С.Бадей "Лукоморье. Курс боевого мага" А.Имранов "Судьба боится храбрых" В.Русанов "Ворлок из Гардарики" Е.Самойлова "Паутина судеб" В.Горъ (В.Гозалишвили) "Инкуб" С.Садов, И.Эльтеррус "Три дороги во Тьму. Изменение" С.Палий "Санкция на жизнь" Л.Астахова "Злое счастье" О.Верещагин "Красный вереск" А.Астахов "Сын Льва" С.Зайцев "Возвращение к истоку" Ю.Иванович "Невменяемый дракон" С.Бакшеев "Отравленная страсть"

Сайт - "Художники"
Доска об'явлений "Книги"